Пуцеправод паміж Чкалава і Маскоўскай у Мінску адрамантуюць да канца жніўня
Пуцеправод у раёне вуліц Чкалава і Маскоўская
Абмежаванні руху па пуцеправодзе вул. Чкалава — вул. Маскоўская могуць адмяніць ужо летам. Да гэтага моманту дарожныя будаўнікі плануюць завяршыць рэканструкцыю моста, піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Генадзя Любатынскага.
Любатынскі кажа, што пуцеправод рамантуюць з апярэджаннем графіка. Паводле яго слоў, чакаецца, што летам 2024 года "аб'ект увядуць у эксплуатацыю".
Нагадаем, капітальны рамонт пуцеправода пачалі ў ліпені 2023-га года. На работы адвялі 16 месяцаў. Першапачаткова здача аб'екта ў эксплуатацыю планавалася на лістапад 2024 года. Але цяпер тэрміны перагледзелі — стаіць задача скончыць рэканструкцыю да канца жніўня.
Нагадаем таксама, што з 13 па 15 лютага ў перыяд з 10 да 16 гадзін рух па гэтым пуцеправодзе ў сувязі з чарговым этапам капітальнага рамонту будзе абмежаваны. Абмежаванне закране ўсе віды транспарту ў напрамку цэнтральнай часткі горада. ДАІ прапануе аб'язджаць гэтымі днямі пуцеправод праз вуліцы Жукоўскага і Талстога.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.