Пуцін абмеркаваў беларускую сітуацыю з Саветам бяспекі
Пасля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін сабраў пасядэжнне Савета бяспекі, паведамляе прэс-служба Крамля.
На пасяджэнні абмяркоўваліся перспектывы беларуска-расійскіх адносінаў. "Адбыўся абмен думкамі пра перспектывы далейшага развіцця расійска-беларускіх адносін", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Аляксандр Лукашэнка распавядаў, што ў размове з Пуціным яны абмяркоўвалі пытанні паставак нафты і крэдыт на будаўніцтва Беларускай АЭС.
У нарадзе ў Пуціна ўдзел прынялі прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін, намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік Адміністрацыі Крамля Антон Вайно, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў, міністр унутраных спраў Уладзімір Калакольцаў, міністр абароны Сяргей Шайгу, кіраўнік СЗР Сяргей Нарышкін, дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў і спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі па пытаннях прыродаахоўнай дзейнасці, экалогіі і транспарту Сяргей Іваноў.
Акрамя беларускай сітуацыі на нарадзе абмеркавалі становішча ў Ідлібе: сёння ўвечары ў Пуціна прызначаная тэлефонная гутара на гэтую тэму з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.