Пуцін даручыў увесці расійскія войскі на Данбас

Пуцін даручыў увесці расійскія войскі на Данбас

Уладзімір Пуцін ва ўказах аб прызнанні так званых "ЛНР" і "ДНР" даручыў увесці на гэтыя акупаваныя тэрыторыі Украіны расійскія войскі. Увод войскаў тлумачыцца неабходнасцю "падтрымання міру".

Паведамляецца, што з просьбай пра ўвод войскаў да Пуціна звярнуліся кіраўнікі "Л/ДНР" Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік.

Украінскі вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка уначы на 22 лютага апублікаваў відэа, як калона расійскіх вайскоўцаў заходзіць на акупаваныя тэрыторыі Данбаса.

Уначы на 22 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з зваротам да ўкраінскага народа, перадае hromadske.ua. Прызнанне Расіяй "Л/ДНР" ён назваў парушэннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. 

"Прызнанне незалежнасці акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей можа азначаць аднабаковы выхад Расіі з мінскіх дамоўленасцяў і ігнараванне пастаноў у рамках нармандскага фармату", — заявіў Зяленскі.

Украіна накіравала запыт на тэрміновае скліканне Савета бяспекі ААН, на скліканне экстранага саміту "нармандскай чацвёркі" і правядзенне спецыяльнага пасяджэння АБСЕ.

Зяленскі заявіў, што сваімі пастановамі Расія легалізуе войскі, якія фактычна знаходзіліся на акупаваных тэрыторыях Данбаса з 2014 года.

"Краіна, якая восем гадоў падтрымлівае вайну, не можа падтрымліваць мір, як яна гэта заяўляе", — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі заявіў, што Украіна нічога не баіцца і нікому нічога не аддасць: "Таму што цяпер не люты 2014 года, а люты 2022-га. Іншая краіна, іншая армія, адна мэта — гэта мір".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі