Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку, гаварылі пра забарону імпартных прадуктаў
Тэлефонная размова кіраўнікоў Беларусі і Расіі адбылася ў чацвер, 7 жніўня.
Уладзімір Пуцін праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб эканамічных мерах, прынятых Расіяй у адносінах прадукцыі, якая імпартуецца з краін, якія ўвялі санкцыі супраць расійскіх арганізацый і грамадзян. Нагадаем, пад забарону трапілі ялавічына, свініна, птушка, сыры і малочная прадукцыя, кілбасы, а таксама садавіна, гародніна і арэхі. Пуцін выказаў надзею, што Беларусь з разуменнем аднясецца да такіх крокаў, "прынятых у інтарэсах эканамічнай бяспекі Расіі".
У сваю чаргу Лукашэнка адзначыў, што "на мяжы будзе забяспечана поўная празрыстасць у духу партнёрскіх адносінаў", інфармуе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Таксама Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і яго пашырэння. Паведамляецца, што яны "абмяняліся меркаваннямі адносна развіцця сітуацыі ў эканоміцы Украіны ў сувязі з падпісаннем ёй Пагаднення аб Асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам".
Такую ж тэлефонную гутарку расійскі прэзідэнт меў і з прэзідэнтам Казахстана.
Фота — Коммерсант