Пуцін плануе паглынуць не толькі Украіну, але і Беларусь — Шольц
Олаф Шольц / pixabay.com
Вайна Расіі супраць Украіны стала паваротным момантам у еўрапейскай палітыцы, заявіў канцлер Германіі Олаф Шольц на прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня. Да яе існавала разуменне таго, што дзяржаўныя межы не павінны змяняцца з ужываннем сілы.
На думку Шольца, Уладзімір Пуцін хоча ўключыць у склад Расіі не толькі Украіну, але і Беларусь.
"Расійскі прэзідэнт відавочна хоча паглынуць некаторыя суседнія тэрыторыі: у яго ёсць такі план у дачыненні да Украіны, і, цалкам відавочна, гэта таксама ягоны план у дачыненні да Беларусі", — цытуе DW яго словы.
Кіраўнік нямецкага ўрада падкрэсліў, што цяпер не можа ісці гаворка пра тое, каб "нейкім чынам замарозіць вайну і ўзаконіць расійскі захопніцкі набег". Ён лічыць неабходным пачаць гаворку пра гарантыі бяспекі для Украіны.
Шольц паабяцаў, што Германія будзе падтрымліваць Украіну "столькі, колькі спатрэбіцца", і не пагодзіцца на навязаны мір. Ён настойвае на тым, што Расія павінна вывесці свае войскі з Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.