Пуцін прыгразіў абмежаваць вываз збожжа з Украіны
Уладзімір Пуцін / ТАСС
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін мае намер абмеркаваць з турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам пытанне абмежавання вывазу ўкраінскага збожжа. Пра гэта ён заявіў на Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку. Па словах Пуціна, заходнія партнёры усіх падманулі.
"Калі выключыць Турцыю як краіну-пасярэдніка, то практычна ўсё збожжа, якое вывозіцца з Украіны, накіраванае не ў найбяднейшыя краіны, якія развіваюцца, а ў краіны Еўрасаюза", — сказаў Пуцін. Толькі два караблі з 80, па яго словах, былі загружаныя ў рамках Сусветнай праграмы харчавання ААН.
"Як многія еўрапейскія краіны ў апошнія дзесяцігоддзі і стагоддзі дзейнічалі як каланізатары, так і працягваюць дзейнічаць сёння. Чарговым разам падманулі папросту краіны, якія развіваюцца, і працягваюць падманваць", — заявіў расійскі прэзідэнт.
Да вайны ўкраінскае збожжа займала каля 10% у аб'ёме сусветнага экспарту. Без яго ў небагатых краінах узрастала рызыка голаду. Таму ААН і настойвала на вывазе ўкраінскага збожжа. Пра зняцце блакады з чарнаморскіх партоў Украіна і Расія дамовіліся ў канцы ліпеня. Пасярэднікам выступіла Турцыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.