Пуцін прызнаў незаконнасць ПВК "Вагнер"

Яўген Прыгожын і Уладзімір Пуцін / AP
Яўген Прыгожын і Уладзімір Пуцін / AP

Уладзімір Пуцін заявіў, што юрыдычна ПВК "Вагнер" не існуе і знаходзіцца па-за законам. Прызнанне прагучала, калі ён каментаваў сустрэчу з Яўгенам Прыгожыным і наймітамі ягонай ПВК "Вагнер", якая адбылася ў Крамлі праз пяць дзён пасля мяцяжу, піша "Коммерсант".

"Ну дык ПВК "Вагнер" не існуе! У нас жа няма закона аб прыватных вайсковых арганізацыях! Проста не існуе!" — заявіў Пуцін у адказ на пытанне, ці захаваецца ПВК "Вагнер" як баявая адзінка.

"Група ёсць, але юрыдычна не існуе. Гэта асобнае пытанне, звязанае з рэальнай легалізацыяй. Але гэта пытанне, якое павінна абмяркоўвацца ў Дзярждуме, ва ўрадзе. Няпростае пытанне", — склаў ён з сябе адказнасць.

Між тым пасля мяцяжу вагнераўцаў Пуцін расказаў, што гэтая "юрыдычна неіснуючая" арганізацыя цалкам фінансавалася з дзяржбюджэту. За год вайны яна атрымала 86 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 10 мільярдаў долараў). Акрамя таго ПВК атрымлівала зброю, у тым ліку цяжкую бронетэхніку.

Пасля мяцяжу вагнераўцам прапанавалі або заключыць кантракты з Мінабароны, або перайсці ў Беларусь, або перайсці на грамадзянскае жыццё. У Беларусі, паводле неафіцыйных звестак, для іх пабудавалі намётавы лагер пад Асіповічамі. Беларускія ўлады, аднак, заяўляюць, што гэта лагер для тэрабароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі