Пуцін усміхнуўся, калі даведаўся пра кандыдатуру амбасадара Беларусі ў РФ
Уладзімір Пуцін усміхнуўся, калі даведаўся пра кандыдатуру амбасадара Беларусі ў Расійскай Федэрацыі: на гэты пост быў прызначаны Уладзімір Сямашка, былы віцэ-прэм'ер. Аляксандр Лукашэнка распавёў пра рэакцыю расійскага прэзідэнта падчас кадравых прызначэнняў. Па словах беларускага кіраўніка, з Пуціным ён абмяркоўваў кандыдатуру Сямашкі.
"Я і Пуціна папярэдзіў, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Мы з ім абмяркоўвалі, прычым прадметна, кандыдатуру Сямашкі. Ён так з усмешкай кажа: "Ну, я чакаю Уладзіміра Ільіча ў Маскве". "Я, — кажа, — з задавальненнем, хай прыязджае ў Маскву Уладзімір Ільіч, мы ведаем яго добра". То бок вельмі пазітыўнае было стаўленне".
Лукашэнка падкрэсліў важнасць "расійскага накірунку". Ён лічыць, што амбасадар у РФ мусіць валодаць "надзвычайнымі паўнамоцтвамі" і мець "прамы доступ да прэзідэнта ў любы час". Галоўная задача Уладзіміра Сямашкі — пераадоленне вялікага адмоўнага сальда ва ўзаемным гандлі.
Сам Сямашка пазней прызнаўся, што проста не ўяўляе сябе без працы. Таму прапанову Лукашэнкі ён адразу ж прыняў. Уладзіміру Сямашку 20 лістапада споўніцца 69 гадоў. Без працы ён быў з 18 жніўня.