Пуціну расказалі пра п'янства ў Магаданскай вобласці і запрасілі на Калыму
Уладзімір Пуцін і санкцыі / Карыкатура dw.com
Уладзіміру Пуціну расказалі пра п'янства ў Магаданскай вобласці Расіі. Падчас размовы па відэасувязі з яе губернатарам Сяргеем Носавым ён параіў, як з ім змагацца.
"Насцярожвае высокі ўзровень спажывання алкаголя..., — гаварыў Пуцін. — Гэта звязана не з тым, што п'яніцы ў Магаданскай вобласці жывуць. Напэўна гэта звязана з недастатковасцю развіцця сацыяльнай інфраструктуры... Трэба, каб людзям было чым займацца".
Ён прапанаваў губернатару ствараць умовы, каб мясцовыя жыхары займаліся "самаразвіццём, цікавай справай, развівалі сваё хобі". "Гэта дакладна дапаможа", — казаў Уладзімір Пуцін. Але Сяргей Носаў, відаць, спектычна аднёсся да прапановы. Пры гэтым ён запрасіў прэзідэнта на... Калыму: "Гэтае запрашэнне не павінна нікога палохаць. Нам ёсць што паказаць".
Пуцін жа не супакойваўся, заявіў, што з алкагалізмам у Расіі "агулам па краіне добрыя вынікі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.