Пяць гісторый збівання беларускіх журналістаў (фота)
25 студзеня у будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска міліцыянты “прымяняюць фізічную сілу” у дачыненні да журналіста партала tut.by Паўла Дабравольскага, які здымаў затрыманне імі двух актывістаў. Дабравольскі падчас гэтага атрымлівае шматлікія цялесныя пашкоджанні, яго рэдакцыя абяцае разабрацца ў няпростай сітуацыі, кіраўнічка прэс-службы Вярхоўнага суда прыносіць публічныя прабачэнні, а мінская міліцыя называе інцыдэнт “прыцягненнем да адказнасці парушальнікаў грамадскага парадку”. Еўрарадыё узгадвае некалькі гісторый сустрэч журналістаў з міліцыянтамі.
2006 год, журналіст “Камсамольскай праўды” Алег Улевіч, цяпер жыве і працуе у Іспаніі
Усё адбылося 2 сакавіка, за 17 дзён да прэзідэнцкіх выбараў. Улады тады яшчэ не практыкавалі "лібералізацыю" падчас кампаніі, таму журналістам прыходзілася пісаць пра затрыманні не толькі пасля выбараў, але і падчас іх. Чым і займаўся супрацоўнік беларускай “Камсамолкі” Алег Улевіч вечарам першага дня вясны ля Кастрычніцкага РУУС — туды акурат прывезлі новую групу затрыманых. Журналіст зрабіў некалькі здымкаў, калі раптам атрымаў удар проста ў твар. Потым білі яшчэ, нападаючых было некалькі, усе ў цёмнай вопратцы. Збівалі журналіста каля 30 секунд, але гэтага хапіла, каб ачуняў ён толькі ў аддзяленні хірургіі 9-ай бальніцы Мінска са зламаным носам і страсеннем галаўнога мозга.
Самае цікавае пачалося потым. Як аказалася, у бальніцу журналіста прывезлі на “хуткай” з РУУС, дзе ва Улевіча перапісалі ўсе рэчы. Пазней міліцыянты прасілі вярнуцца у пастарунак, каб “напісаць тлумачальную”.
Улевіч піша заяву на дзеянні невядомых у цёмнай вопратцы, аднак міліцыянты нікога не знаходзяць нават нягледзячы на тое, што збіццё адбывалася ля самага будынка РУУС і фіксавалася камерамі відэаназірання.
2010 год, фатограф-фрылансер Уладзь Грыдзін
Грыдзін “атрымаў сваё” на самым пачатку разгону Плошчы. Кажа, што білі з веданнем справы. “Ля прыступак Дома ўрада білі. Паспеў толькі камеру схаваць, моцна тады атрымаў. Гематом шмат было, канкрэтна білі. Цікава дзейнічалі, я потым толькі зразумеў. Падпусцілі нас усіх, а затым накінуліся. Шмат калег тады пацярпелі. Нагамі білі, дубінкамі. Усё што заўгодна было”, — узгадвае Грыдзін.
А на наступны вечар ён зноў трапляе у гісторыю з міліцыяй. На гэты раз фатографа зноў на плошчы Незалежнасці нагамі пінае начальнік міліцыі грамадскага правапарадку Мінска Ігар Яўсееў. І становіцца сапраўднай зоркай інтэрнэта — калегі Грыдзіна паспелі сфатаграфаваць момант правядзення міліцыянтам “тлумачальнай працы” з журналістам.
2011 год, карэспандэнт “Радыё “Свабода” Алег Груздзіловіч
Груздзіловічу асабліва дасталася падчас “маўклівых акцый” летам 2011-га года. Яго затрымлівалі некалькі разоў, зацягвалі ў аўтазак, дзе адбываліся самыя розныя рэчы. “Зацягвалі туды і збівалі. Не тое, каб вельмі, але некалькі разоў даставалася. Па камеры любяць біць падчас вулічных акцый. Наяўнасць пасведчання журналіста амаль не ўплывае на рашэнне міліцыянта — біць, альбо не біць. Як трапіш у іх аўтобус, альбо машыну, ім там да аднаго месца тваё пасведчанне. Там жа шарагоўцы. А ім пофіг. Ёсць загад хапаць, яны хапаюць. Схапілі, ты супраціўляешся. Калі супраціўляешся, тады яны цябе б’юць. Каб супакоіўся. Цягнуць далей”, — расказвае Груздзіловіч.
Згадвае таксама выпадак, калі аднойчы ўжо унутры аўтазака пазнаёміўся з міліцыянтам, якога пакінулі сцерагчы затрыманых. Той з Груздзіловічам разгаварыўся і нават дазволіў стаяць, а не ляжаць на падлозе. Потым нават заступаўся за журналіста, абараняў ад калег.
“Я неяк асабіста не абскарджваў у міліцыі свае затрыманні. Беларуская асацыяцыя журналістаў тады гэтым займалася. І нас нават паклікалі ў Генпракуратуру нас сустрэчу, расказалі, што праверылі ўсе факты, парушэнняў не зафіксавалі. На тым і скончылася гісторыя”, — кажа журналіст.
2008 год, фатограф “Нашай Нівы” Андрэй Лянкевіч, цяпер — фатограф-фрылансер, аўтар арт-праектаў
Сустрэча Лянкевіча з супрацоўнікамі АМАП адбылася на рагу вуліцы Казлова і паспекта Незалежнасці ў Мінску. Акурат была дэманстрацыя з нагоды Дня волі, Лянкевіч літаральна выйшаў з рэдакцыі пафатаграфаваць, трапіў у натоўп і тут пачалася зачыстка.
“Акружылі натоўп, пачалі дзяліць яго на квадраты, а ў квадратах малацілі ўсіх. Проста білі. Мне, так скажам, "пашчасціла" трапіць у адзін з такіх сектараў. А калі ты там унутры, то можаш паказваць пасведчанне, можаш фотаапарат — розніцы ніякай, і сэнсу таксама. Калі цябе затрымалі, то наша так званая міліцыя ходу назад не дае. Нос мне не зламалі тады, але атрымаў я моцна. Бліскавіцу згубіў. Яны бліскавіцы з камер збіваюць адразу чамусьці”, — расказвае Лянкевіч пра той вечар.
Потым фатографа вязуць у Савецкі РУУС, дзе вельмі доўга не ведаюць, што з ім рабіць. Журналіст спакойна перамяшчаецца па будынку, але выйсці не можа — за дзверы не выпускае той самы АМАП. Начуе Лянкевіч у ізалятары на Акрэсціна, адкуль у суд яго вязуць разам… з тымі самымі супрацоўнікамі міліцыі, з якімі ён сустрэўся ўчора вечарам на праспекце.
“Сядзяць звычайныя хлопцы, глядзяць на нас, і пытаюцца, ці спалі мы, ці елі. Мы адказваем, што так. А яны кажуць, што ўжо трое сутак не спяць, не ядуць. І ты бачыш такога самага звычайнага запалоханага знясіленага чалавека. Які толькі быў у амуніцыі, біў цябе, а тут вось цяпер сядзіць. А ты побач стаіш, бо гэта ж іх аўтобус, іх дадому зараз павязуць. Гэта было самым цікавым момантам для мяне ва ўсёй гісторыі”, — расказвае фатограф.
У судзе Лянкевічу адносна шанцуе — яго справу адпраўляюць на дапрацоўку. Журналіст перакананы, што на гэта паўплывала публікацыя фота, дзе бачны яго разбіты ў кроў твар. Здымак абыходзіць сусветна вядомыя СМІ, атрымлівае розгалас і рэакцыю. Таму Лянкевіч начаваць едзе дадому. Яго калегу па “Нашай Ніве” Сямёну Печанко шанцуе менш — журналіст едзе "адпачываць" на Акрэсціна.
2004 год, здымачная група ТРК “Магілёў”
Самая незвычайная гісторыя гвалту ў дачыненні да журналістаў адбылася ў 2004-м годзе ў Бабруйску, калі дырэктар мясцовага прыватнага рынка Ілля Фамянок разбіў камеру здымачнай групы дзяржаўнага магілёўскага тэлебачання. У выніку бізнэсовец атрымаў… тры гады турмы.
“Адзіная справа аб збіванні журналіста, якая дайшла да суда — гэта канфлікт паміж супрацоўнікам дзяржаўнага магілёўскага тэлебачання і дырэктарам бабруйскага рынка. Тады аб ім раптам згадаў сам Лукашэнка, была ўзбуджаная крымінальная справа і дырэктара прыцягнулі да адказнасці, яго лёс быў вырашаны — тры гады пазбаўлення волі”, — распавядае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Цікава, што пабітую камеру атрымалася адрамантаваць. У тэлекампаніі уплыў словаў Лукашэнкі на прысуд дырэктару рынка адмаўлялі.