Пячатку Мінабароны Беларусі знайшлі пры ператрусе па крыміналцы ва Украіне
Мінабароны Беларусі
Пячатку Мінабароны Беларусі знайшлі пры ператрусе ва ўкраінца, якога падазраюць у фальсіфікацыі дакументаў. Пра гэта паведамляецца ў судовай пастанове на арышт маёмасці, заўважылі "Моцныя навіны".
У кастрычніку 2024 года супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны ліквідавалі ў Кіеве падпольную друкарню. Там вырабляліся фальшывыя даведкі ды іншыя дакументы для ўхілення мужчын ад мабілізацыі. Каштавалі такія дакументы ад 8 да 12 тысяч долараў. Супрацоўнікі СБУ затрымалі 14 чалавек, сярод якіх былі і вайскоўцы.
Непасрэднага вытворцу дакументаў затрымалі ў Палтаве некалькі дзён таму. Як вынікае з судовых дакументаў, мужчыну бралі "на жыўца". Да яго адправілі "кліента", які хацеў купіць дакумент для адтэрміноўкі ад мабілізацыі. Мужчына заявіў, быццам атрымаў позву ў ваенкамат і хоча "адкасіць". Палтаўчанін паабяцаў яму дапамгу за 2 тысячы долараў. Ён паведаміў, што зробіць даведку, быццам кліент з'яўляецца аспірантам універсітэта, а таму мае чатырохгадовую адтэрміноўку ад прызыву. Падчас перадачы дакументаў мужчыну арыштавалі.
Падчас ператрусу ў яго знайшлі дзясяткі бланкаў і копій дыпломаў, розных даведак, штампы, круглыя і гербавыя пячаткі розных дзяржструктур, у тым ліку медустаноў і вайсковых часцей, а таксама ноўтбукі, камп'ютары і прынтары.
Сярод знаходак была і пячатка з гравіроўкай "Міністэрства абароны — Беларусь — Цэнтральны архіў Рэспублікі Беларусь". Ці была яна сапраўднай, загадзя сказаць складана.
Дарэчы, затрыманы мужчына мае інваліднасць другой групы. Незаконны бізнэс прыносіў яму добры заробак. Суд арыштаваў яго электрамабіль Tesla Model 3 коштам каля 30 тысяч долараў і знойдзеныя 112 тысяч долараў, а таксама дзясяткі тысяч грыўняў. Фігурант адпушчаны пад заклад з нашэннем электроннага бранзалета. Яму пагражае ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.