П’яны кіроўца на “Аўдзі” пратараніў “Фольксваген”, пацярпелі дзеці (фота)
У Ваўкавыскім раёне п’яны кіроўца на “Аўдзі” пратараніў “Фольксваген”, пацярпелі дзеці. Як інфармуе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, даішнікі атрымалі сігнал, што ў легкавіку можа знаходзіцца нецвярозы вадзіцель. Яны спрабавалі спыніць машыну ў Ваўкавыску, але яна толькі павялічыла хуткасць, пачалася пагоня. Уцякаючы ўжо за межамі горада, кіроўца пайшоў на абгон іншага аўтамабіля і пратараніў сустрэчны “Фольксваген”. Апошні легкавік ад удару адляцеў у кювет. У ім на заднім сядзенні сядзела бабуля з унукамі (ва ўзросце 10 і 14 гадоў). Дзяўчынку і хлопчыка шпіталізавалі.
Кіроўца адмовіўся праходзіць медасведчанне. За гэта і за тое, што ён ігнараваў патрабаванні даішнікаў, меў відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення, на яго склалі пратаколы. Паводле пастановы суда мужчына правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання дзесяць сутак.