П'яны пенсіянер на Hyundai пратараніў у цэнтры Мінска 5 аўтамабіляў (фота)
П'яны пенсіянер на Hyundai пратараніў у цэнтры Мінска 5 аўтамабіляў. Як інфармуе партал tut.by, здарэнне адбылося каля 18-й гадзіны 20 жніўня. Спачатку 69-гадовы (па іншых звестках — 70-гадовы) мужчына зачапіў сцяну, шлагбаўм у паркінгу гандлёвага цэнтру "Сталіца", уцёк адтуль, пасля паехаў па вуліцы Мяснікова да Нямігі. На Мяснікова адбылося сутыкненне з аўтамабілем Toyota, пасля — з Hyundai (легкавік быў прыпаркаваны). Гэта пенсіянера не спыніла, на скрыжаванні Нямігі з вуліцай Караля былі пратаранены яшчэ тры машыны — Nissan, Volvo і Volkswagen.
Кіроўца Hyundai атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Яго затрымалі і завезлі на медасведчанне, якое паказала 3 праміле алкаголя. Даішнікі склалі ў дачыненні п'янага кіроўцы 8 адміністрацыйных пратаколаў.
"СБ. Беларусь сегодня" дадае, што пенсіянер купіў у "Сталіцы" бутэльку віскі, там жа выпіў і пасля гэтага сеў за руль. Ён, дарэчы, не памятае ўсе падзеі таго вечара.