Рабочых "Святлатэхнікі" (Гомель) адправілі на 2 месяцы ў безаплатны адпачынак

Рабочых "Святлатэхнікі" (Гомель) адправілі на 2 месяцы ў безаплатны адпачынак

Гомельскае ўнітарнае прадпрыемства "Святлатэхніка" на два месяцы адправіла сваіх рабочых у вымушаны безаплатны адпачынак, перадае Радыё "Свабода". Пры гэтым 60% работнікаў прадпрыемства — інваліды па зроку.

Адзін з работнікаў расказаў журналістам, што летась за падобныя адпачынкі ім плацілі дзве траціны тарыфу. За цяперашні адпачынак работнікі не атрымаюць нічога.

"Святлатэхніка" выпускае розныя свяцільнікі для арганізацыяў і ўстановаў, электрашчытавое абсталяванне, пластмасавыя сядушкі для спартовых ды іншых абʼектаў, садова-агародны інвентар. Дарэчы, сядушкамі гэтага прадпрыемства абсталяваныя не толькі Гомельскі лядовы палац, але і "Чыжоўка-Арэна" ў Мінску, стадыён БАТЭ ў Барысаве ды шмат што яшчэ.

Кіраўніцтва прадпрыемства спадзяецца аднавіць працу ў траўні, калі атрымае замову на выраб 25 тысяч пластмасавых сядушак для Нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Мінску. Праўда, кіраўнік футбольнай федэрацыі Сяргей Румас нядаўна паведамляў, што гэты праект затармазіўся, бо з яго выйшла кампанія "Трайпл", чый кіраўнік Юрый Чыж апынуўся за кратамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі