Работнікам "Белшыны" могуць забараніць карыстацца смартфонамі і планшэтамі
Работнікам бабруйскага завода "Белшына" з Новага года могуць забараніць карыстацца на працы асабістымі мабільнікамі, планшэтамі і іншымі сродкамі перадачы звестак. Адпаведны праект распрацоўвае адміністрацыя прадпрыемства, піша onliner.by.
У адміністрацыі кажуць пра жаданне забяспечыць прыватнасць звестак, якія ўяўляюць камерцыйную тайну. Пры гэтым службовым асобам дазволяць карыстацца просценькімі мабільнікамі, якія не могуць рабіць фота і відэа. Праўда, падчас нарадаў з удзелам генеральнага дырэктара або яго намеснікаў нават ад такой тэхнікі прыйдзецца адмовіцца.
У адміністрацыі "Белшыны" кажуць, што праект загаду яшчэ абмяркоўваецца на прадпрыемстве і папраўкі да яго прымаюцца да 18 снежня.
Юрыст Сяргей Зікрацкі ў каментары onliner.by неадназначна ацаніў ініцыятыву. Ён кажа, што такія дзеянні правамерна могуць ужывацца толькі да наведвальнікаў і супрацоўнікаў, якія маюць доступ да камерцыйнай таямніцы і падпісалі адпаведныя дакументы. Калі ж забарона закране іншых супрацоўнікаў, то гэта будзе ўшчамленнем іх правоў, лічыць юрыст.
Фота: semsocial.ru