Раман Абрамовіч прадае "Чэлсі"
Раман Абрамовіч прадае англійскі футбольны клуб "Чэлсі". Атрыманыя грошы расійскі бізнесмен збіраецца перадаць у дабрачынны фонд, які будзе заснаваны для дапамогі пацярпелым у вайне ва Украіне.
"Ведайце, што гэта было неверагодна складанае рашэнне для мяне, і мне балюча развітвацца з клубам вось так, — цытуе заяву Абрамовіча meduza.io. — Аднак я лічу, што гэта ў лепшых інтарэсах клуба".
Прычынай такога ўчынку Рамана Абрамовіча сталі санкцыі Вялікабрытаніі, уведзеныя з-за расійскай агрэсіі ва Украіне. Пад іх можа патрапіць і бізнесмен. Таму ён і паспяшаўся пазбавіцца ад клуба. Інакш ён не змог бы прадаць "Чэлсі" і фінансаваць клуб.
Як піша The Telegraph, Абрамовіч спадзяецца атрымаць ад продажу каля 4 млрд фунтаў стэрлінгаў.
"Чэлсі" — клуб з вялікімі традыцыямі, ён быў заснаваны ў 1905 годзе. У 1992-м апынуўся сярод клубаў-заснавальнікаў англійскай футбольнай Прэм'ер-лігі. Раман Абрамовіч стаў яго ўладальнікам у 2003 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.