Расія атакавала ноччу Адэскую вобласць, ёсць пацярпелыя
Наступствы атакі расійскіх дронаў у Адэскай вобласці
Больш за сем гадзін доўжылася мінулай ноччу паветраная трывога ў Адэскай вобласці, піша УНІАН. Расія атакавала рэгіён дронамі. Ёсць і трапленні. Пра гэта расказалі ва ўкраінскай Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях. “У выніку абстрэлаў узнікла ўзгаранне легкавога аўтамабіля і гаспадарчага збудавання. 11 будынкаў побач атрымалі пашкоджанні", — удакладнілі ў ведамстве.
Па папярэдніх дадзеных, на месцы траплення пацярпелі 11 чалавек. Сярод іх трое дзяцей. Дзяцей, а таксама яшчэ двух дарослых з раненнямі забралі ў лякарню. У пацярпелым раёне разгарнулі мабільны пункт абагравання, з мясцовымі жыхарамі працуюць псіхолагі, арганізаваны падвоз ежы і цёплых рэчаў.
Па паведамленні Паветраныя сілы Украіны, гэтай ноччу над тэрыторыяй краіны былі збітыя 41 з 42 беспілотнікаў, якіх запусцілі расіяне. Беспілотнікі ішлі некалькімі хвалямі з трох палігонаў у Крыме і Краснадарскім краі. Асноўным напрамкам удару была Адэская вобласць. Акрамя таго, апоўначы расіяне запусцілі шэсць ракет з зенітнага комплексу С-300 па Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях. Аб тым, куды трапілі не збіты дрон і ракеты, у Паветраных сілах Украіны не ўдакладнілі.
Нагадаем, учора раніцай расіяне нанеслі масіраваны ракетны ўдар па сталіцы Украіны Кіеву. Ракеты былі збітыя, але ў выніку падзення абломкаў раненні атрымалі больш за 50 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.