Расія не абяцае вырашыць праблемы з беларускімі каўбасамі за 10 дзён

У сераду, 3 снежня, падчас “каўбаснай” нарады, Лукашэнка абвяшчае дэдлайн, калі сітуацыя з непастаўкамі беларускіх прадуктаў у Расію павінна выць вырашана, – 10 дзён! То бок да 13 снежня.

“Тыдзень таму мною былі дадзены заданні на ўрэгуліраванне гэтага канфлікта. Няспрытнасць і пасіўнасць нашых міністэрстваў мяне проста ўражваюць. Чаго чакаць 3 месяцы? Чаму не здымалі аператыўна гэтыя пытанні?”, - абураецца кіраўнік дзяржавы.

На наступны дзень беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым праводзіць перамовы з кіраўніком Рассельгаснагляда Сяргеем Данквертам у Маскве. І па выніках сустрэчы добрая навіна на БелТА са спасылкай на Русага:

 Абмежаванні на пастаўку беларускай прадукцыі ў Расію будуць знятыя цягам 10 дзён”. То бок даручэнне прэзідэнта будзе выканана!

Нагадаем, што пад расійскія абмежаванні трапілі каля 20 беларускіх прадпрыемстваў. Прэтэнзіі датычыліся таго, што ў беларускіх прадуктах быццам бы знайшлі геном віруса АЧС, а таксама антыбіётыкі і сальманелез.  Прадуктовы канфлікт цягнецца амаль месяц.

Еўрарадыё пашукала інфармацыю пра 10 дзён на афіцыйным сайце Рассельгаснагляда. Але ніякіх тэрмінаў расійскі бок не называе. Тады мы вырашылі ўдакладніць гэтую інфармацыю ў прэс-службе ведамства. Рассельгаснагляд пра 10 дзён не абвяргае. Але і не пацвярджае…

“Пра 10 дзён мы не гаварылі. Мы казалі, што актыўна працуем у гэтым накірунку і стараемся рабіць гэта як магчыма хутка. Але будзе гэта меней дзён, ці болей – нельга сказаць.  9 снежня нашы эксперты выязджаюць да вас, каб правесці праверку, 11 снежня адбудзецца яшчэ адна сустрэча. Але гаворка не ідзе пра тое, што пасля сустрэчы прадпрыемствы будуць адчыненыя. Я б не рызыкнула казаць так, не рызыкну называць тэрміны”, - такі адказ атрымала Еўрарадыё ў прэсс-службе Рассельгаснагляда.

А віцэ-прем’ер Русы пра гэта і не ведае…

Дарэчы, па выніках сустрэчы, два прадпрыемствы ўжо адкрытыя для паставак у Расію – гэта Калінкавіцкі мясакамбінат і Магілёўская “Бабуліна крынка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі