Расія перадыслакуе ў Беларусь найноўшыя знішчальнікі Су-35с

Знішчальнік​ Су-35с / m.tvzvezda.ru
Знішчальнік​ Су-35с / m.tvzvezda.ru

Расія перакідвае ў Беларусь з Далёкага Усходу шматмэтавыя знішчальнікі Су-35с. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце міністэрства абароны Расіі.

Падчас перабазавання прадугледжаны прыпынкі — на аэрадромах Цэнтральнага і Заходняга ваенных акругаў. У расійскім Мінабароны распавялі, што маршруты прапрацоўваліся з улікам метэаўмоў і па магчымасці "максімальнага беспасадкавага палёту самалётаў".

Прадугледжана, што ў Беларусі экіпажы "заступяць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў рамках праверкі пытанняў функцыянавання адзінай сістэмы СПА Саюзнай дзяржавы".

Нагадаем, раней прадстаўнік расійскага Мінабароны распавядаў, што для ўдзелу ў сумесных беларуска-расійскіх вучэннях "Саюзная рашучасць-2022" у Беларусь будуць перабазаваныя "два дывізіёны С-400 і 12 знішчальнікаў Су-35". Перадыслакацыя ЗКР С-400 пачалася раней.

Вучэнні адбудуцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі і стануць другім этапам праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. На першым этапе, які працягнецца да 9 лютага, выконваецца перадыслакацыя сіл і тэхнікі, а таксама стварэнне ў Беларусі груповак войскаў для арганізацыі аховы і абароны важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў і дзяржмяжы.

У паведамленні расійскага Мінабароны асабліва падкрэсліваецца, што "колькасць вайскоўцаў і тэхнікі на вучэнні, якія трапляюць пад дзеянне Венскага дакумента 2011 года, не перавышаюць пэўныя ім параметры, якія падлягаюць паведамленню".

Адзначым, што Су-35 з'яўляецца адным з асноўных знішчальнікаў ВПС Расіі. Гэта шматмэтавы  знішчальнік, які быў распрацаваны ў КБ Сухога ў 2008 годзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі