Расія пераводзіць войскі да мяжы з Беларуссю. Што гэта значыць? (карта)
3 чэрвеня расійскае інфармацыйнае агенцтва "Інтэрфакс" паведамляе, што групоўка войскаў на заходнім напрамку будзе ўзмоцненая дзвюма брыгадамі ў сувязі з "актыўнасцю блока НАТА".
"Паралельна з фармаваннем трох новых дывізій (дзвюх у складзе Заходняй ваеннай акругі, адной у межах Паўднёвай ваеннай акругі) дадаткова да заходняй мяжы Расіі перадыслакуюцца з цэнтральных раёнаў краіны дзве асобныя мотастралковыя брыгады", — цытуе інфармаваную крыніцу ў Генштабе агенцтва. Мотастралковыя брыгады размесцяцца ў Клінцах Бранскай вобласці (28-я асобная мотастралковая брыгада з Екацерынбурга) і ў Валуйках Белгародскай (23-я мотастралковая брыгада, раней разгорнутая пад Самарай).
Новыя дывізіі, як мяркуецца, размесцяцца у Ельні Смаленскай вобласці, пад Варонежам і Растовам. Ваенны эксперт Аляксандр Алесін тлумачыць, што гэта ўсё значыць для Беларусі.
Гэтыя планы былі агучаныя даволі даўно і з'яўляюцца дэманстратыўным адказам Расіі на дзеянні НАТА, які канцэнтруе кантынгенты ў Еўропе... Але я думаю, што гэта яшчэ шпілька ў адрас Лукашэнкі, які любіць заяўляць, што ў Расіі нічога няма на маскоўскім кірунку. І калі што, то мы натаўскія танкі не прапусцім праз сябе. Але вядома, што адна расійская дывізія не зможа абараніць ад магчымага нападу, беларуская армія нашмат большая... Гэта такая невялікая пстрычка па носе
Што такое мотастралковая брыгада і колькі чалавек у яе ўваходзіць?
Мотастралковая брыгада — гэта вайсковае фарміраванне, куды ўваходзяць самыя розныя віды ўзбраенняў — лёгкія, сярэднія і нават цяжкія. Ёсць калёсная тэхніка, гусенічная і гэтак далей. Склад брыгады — ад дзвюх да трох тысяч чалавек. Там могуць быць і танкі, і артылерыя, і рэактыўныя мінамёты "Град", зенітныя сродкі абароны. Але гэта не такая грозная баявая сіла, як дывізія. Яе магчымасці абмежаваныя рэсурсамі. Гэта не дывізія, якая мае развітую лагістыку.
Навошта расіянам брыгады і дывізіі на мяжы з Беларуссю?
"Гэта не зусім дакладна. Гаворка пра тры дывізіі, якія будуць сфармаваныя ў раёне Смаленска (Ельня), Варонежа і Растова-на-Доне. Дзве апошнія ў асноўным прыкрываюць паўднёва-заходні кірунак. І толькі дывізія ў Ельні — заходні. Таму гаварыць аб тым, што нейкія сур'ёзныя вайсковыя фарміраванні з'яўляюцца на мяжы з Беларуссю, пакуль няма падставаў", — тлумачыць Аляксандр Алесін.
Што такое дывізія ў Ельні пад Смаленскам?
Памер дывізіі — каля 10 тысяч чалавек. Дагэтуль у Расіі не было настолькі вялікіх фарміраванняў на тэрыторыі паміж Масквой і беларускай мяжой. Толькі ля самай Масквы раскватараваныя дзве танкавыя дывізіі, якія кіруюцца адным штабам — Таманская і Кантэміраўская, на базе якіх створанае армейскае ўпраўленне.
Ці можа пагражаць дывізія ў Ельні?
"Яе сілы недастаткова для вядзення наступальных дзеянняў супраць іншай дзяржавы", — лічыць Алесін. Для акупацыі Крыма расійскае камандаванне задзейнічала каля 25 тысяч вайскоўцаў, аднак правярнуць такую ж аперацыю, напрыклад, супраць Беларусі наўрад ці магчыма, мяркуе эксперт: "Крымчане не хацелі абараняць Крым ад Расіі. Вайсковыя падраздзяленні складаліся з крымчан, яны не хацелі абараняцца... Калі па ваенных канонах разлічваць, то наступальны бок павінен мець перавагу у сіле і ўзбраеннях не менш чым у чатыры разы. То бок для Беларусі гэта недзе як мінімум дзве паўнавартасныя арміі. Гэта 100-120 тысяч чалавек. Некалькі тысяч танкаў. Такую групоўку вельмі цяжка незаўважна сканцэнтраваць. Паднялася б кампанія ў сусветных СМІ і міжнароднай супольнасці", — гаворыць Аляксандр Алесін.
Тады навошта ўсё гэта Крамлю?
"Гэтыя планы былі агучаныя даволі даўно і з'яўляюцца дэманстратыўным адказам Расіі на дзеянні НАТА, які канцэнтруе кантынгенты ў Еўропе... Але я думаю, што гэта яшчэ шпілька ў адрас Лукашэнкі, які любіць заяўляць, што ў Расіі нічога няма на маскоўскім кірунку. І калі што, то мы натаўскія танкі не прапусцім праз сябе. Але вядома, што адна расійская дывізія не зможа абараніць ад магчымага нападу, беларуская армія нашмат большая... Гэта такая невялікая пстрычка па носе", — гаворыць Алесін.
Эксперт дадае, што сваю ролю тут адыграла нежаданне Беларусі размяшчаць у сябе расійскую авіябазу і брыгаду "Іскандэраў". Такім чынам Крэмль дэманструе палітычныя жэсты, рэальнай небяспекі для Беларусі яны пакуль не нясуць.