Расія рыхтуе маршруты для еўрапейскіх самалётаў, якія аблятаюць Беларусь
У "Расавіяцыі" 27 траўня прайшла нарада, на якой абмяркоўвалася пытанне пра новыя маршруты для еўрапейскіх авіялайнераў — у абыход Беларусі, паведамляе РБК.
За апошнія дні стала вядома, што Расія не прапусціла ў сваю паветраную прастору самалёты Air France і Austrian Airlines, якія накіроўваліся ў абыход Беларусі. У выніку рэйсы былі адмененыя.
Бліжэйшым часам расійскі бок плануе даць дазвол на прылёт еўрапейскіх лайнераў па альтэрнатыўных маршрутах. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрымка звязаная з тым, што спатрэбілася распрацаваць абноўленыя маршруты пасля таго, як еўрапейскія авіялайнеры адмовіліся лятаць над тэрыторыяй Беларусі.
Пасля інцыдэнта з самалётам Ryanair у Беларусі Еўрапейскі рэгулятар рэкамендаваў самалётам еўрапейскіх кампаніяў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.