Як санкцыі ўдарылі па "Белаэранавігацыі": страты і скарачэнне палётаў
Дыспетчары ў Беларусі сумуюць: над краінай амаль ніхто не лётае
Пасадка міжнароднага рэйса Ryanair Афіны — Вільня ў Беларусі і забарона на палёты над Беларуссю, якая прыйшла ўслед за ёй, ударылі па дзяржаўным прадпрыемстве "Белаэранавігацыя". Яно адказвае за абслугоўванне палётаў у паветранай прасторы Беларусі.
Кіраўніцтва прадпрыемства храбрылася, што сітуацыя не катастрафічная.
"Тыя санкцыі, якія зрабілі для нас еўрапейцы, — гэта такі бяззубы ўкус. Непрыемна, гідліва, але не балюча", — заяўляў у эфіры прапагандысцкага ТБ гендырэктар "Белаэранавігацыі" Арцём Сікорскі.
Але статыстыка са злітых дакументаў, да якіх атрымаў доступ "Рабочы рух", кажа зусім пра іншае. Страты прадпрыемства за 9 месяцаў 2024 года склалі 12,5 млн рублёў.
Яно не зарабляе на сваёй асноўнай дзейнасці, таму што праз Беларусь ніхто, акрамя беларускіх (палова ўсіх палётаў) і рэдкіх расійскіх самалётаў, не лётае. Колькасць самалётаў скарацілася больш чым у 9 разоў. Калі раней "Белаэранавігацыя" суправаджала каля 1000 палётаў на суткі, то цяпер — 100-120.
Гэтая няшчасная сотня самалётаў абслугоўваецца па тарыфах, якія дазваляюць пакрыць не больш за 30% сабекошту палётаў.
Плюс на плячах "Белаэранавігацыі" 4 абласныя стратныя аэрапорты.
Уплыў санкцый дзяржава прадказальна пераклала на людзей: у 2024 годзе на прадпрыемстве засталося працаваць 1210 чалавек. А яшчэ год таму тут было працаўладкавана 1457 чалавек. Сярэдні заробак на прадпрыемстве — крыху больш за 1800 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.