Не праз палітвязняў. Што стала нагодай для большасці санкцый супраць Беларусі
Большасць уведзеных краінамі Захада санкцыяй не звязаныя з пасаджанымі за краты беларускімі палітвязнямі
Вызваленне палітвязняў застаецца адной з найскладанейшых задач для беларускіх дэмсіл. Некаторыя палітыкі лічаць, што гэта магчыма праз абмен на частковае ці поўнае зняцце санкцый Захаду.
З такой прапановай выступіў і Зянон Пазняк, які агучыў чарговы план вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку і "прамаскоўскіх". Аднак большасць санкцый супраць Беларусі ўводзіліся па розных прычынах, не заўсёды звязаных з рэпрэсіямі.
Еўрарадыё нагадвае, якія дзеянні рэжыму прывялі да рэкорднай колькасці санкцый.
Забарона на гандаль калійнымі ўгнаеннямі
Санкцыі супраць "Беларуськалія" першапачаткова былі ўведзеныя ў адказ на сілавыя рэпрэсіі, але праз час іх узмацнілі за ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны. Абмежаванні пачаліся ў 2021 годзе, калі ЗША, Еўрасаюз, Вялікабрытанія і Канада адрэагавалі на жорсткае падаўленне мірных пратэстаў.
Мэтай санкцый было пазбавіць рэжым Лукашэнкі важнай крыніцы прыбытку. Ключавыя меры ўключалі забарону на гандаль з Беларускай калійнай кампаніяй (БКК) — адзінага экспарцёра калійных угнаенняў. Санкцыі OFAC (Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі ЗША) супраць БКК былі ўведзеныя 9 жніўня 2021 года і пачалі дзейнічаць у снежні гэтага году.
Еўрасаюз наклаў абмежаванні на экспарт калійных угнаенняў з Беларусі яшчэ ў чэрвені 2021 года ў межах чацвёртага пакета санкцый, каб аказаць эканамічны ціск на адзін з найбольш прыбытковых сектараў беларускай эканомікі.
Сітуацыя значна пагоршылася ў 2022 годзе, калі Беларусь падтрымала расійскае ўварванне ва Украіну, адкрыўшы свае межы для расійскіх войскаў. Гэта прывяло да дадатковых санкцый з боку ЕС, якія яшчэ больш узмацнілі абмежаванні на экспарт калійных угнаенняў.
Асаблівыя санкцыі супраць “Белавія”
Санкцыі супраць дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» былі ўведзеныя ў 2021 годзе ў адказ на інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Мінску 23 траўня 2021 года.
У 2021 годзе, пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Мінску і эміграцыйным крызісам на мяжы, санкцыі былі пашыраныя. Еўрапейскі Саюз і ЗША гэтым разам сканцэнтраваліся на дадатковым ўскладненні працы для ключавых дзяржаўных банкаў і фінансавых ўстановаў.
Санкцыі выціснулі Беларусь з сістэмы міжнародных крэдытных рынкаў, абмяжоўваўшы яе магчымасці пазычаць сродкі ў замежжы, акрамя Расіі.
Абмежаванні на ўвоз тэхналагічных тавараў, аўтамабіляў і прадметаў раскошы
Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя пераважна пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, на ўзор санкцый супраць Расіі. Яны ахапілі гандаль электронікай, сістэмамі кіравання, спадарожнікавымі тэхналогіямі і абсталяваннем для вытворчасці ўзбраенняў.
Былі ўведзеныя забароны на экспарт у Беларусь аўтамабіляў прэміюм-класа, а таксама прадметаў раскошы коштам больш за 300 еўра, уключаючы дарагія гадзіннікі, ювелірныя вырабы і іншыя тавары. Амаль большасць з іх шла на продаж ці на замову расіянам, на чым узбагачаўся і сам рэжым, і пасярэднікі з ліку прыватнага сектара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.