Экс-палітзняволеная Антаніна Канавалава выехала за мяжу і сустрэлася з сям'ёй

Антаніна Канавалава сустрэлася з сям'ёй

Антаніна Канавалава сустрэлася з сям'ёй / facebook.com/AniaKonowalowa

Экс-палітзняволеная Антаніна Канавалава здолела выехаць за мяжу і сустрэцца з сваімі дзецьмі. Відэа сустрэчы апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яе маці Ганна Канавалава.

"Ну, вось, адбылося!!! Мы дачакаліся!!! Пасля 1555 дзён няволі... Мы нарэшце змаглі абняцца! Вельмі цаню, люблю кожнага з вас, хто дапамагаў мне і дзецям выстаяць, а часам і выжыць", — пракаментавала Ганна Канавалава.

Антаніна Канавалава і яе маці падзякавалі ўсім за падтрымку.

Пра вызваленне Антаніны Канавалавай стала вядома 15 снежня 2024 года.

Жанчына была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе і 6 верасня таго году трапіла за краты. Спярша яе судзілі па адміністрацыйнай справе, але пасля так і не адпусцілі — абвінавацілі паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

У жанчыны двое маленькіх дзяцей. Яе маці пасля арышту дачкі разам з унукамі была вымушаная пакінуць Беларусь.

У траўні 2021-га Канавалавай прысудзілі пяць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. У калоніі яна атрымала інваліднасць трэцяй групы па зроку.

Яе муж Сяргей Ярашэвіч асуджаны на шэсць гадоў і тры месяцы калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.