Жлобінскі БМЗ зноў не змог аспрэчыць санкцыі ЕС у судзе

Беларускі металургічны завод, ілюстрацыйнае фота

Беларускі металургічны завод, ілюстрацыйнае фота

Агульны суд Еўрасаюза адхіліў пазоў Беларускага металургічнага завода са Жлобіна аб зняцці санкцый ЕС. Рашэнне з'явілася на сайце суда.

БМЗ трапіў пад санкцыі як прадпрыемства, цесна звязанае з рэжымам Лукашэнкі. Таксама пры ўнясенні завода ў "чорны спіс" улічваліся рэпрэсіі ў Беларусі і падтрымка шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны .

У судзе прадстаўнікі БМЗ сцвярджалі, што завод не мае дачынення да дзеянняў беларускіх уладаў, фінансава не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і дзейнічае як камерцыйнае прадпрыемства, арыентаванае на экспарт.

Суд, аднак, вырашыў, што санкцыі былі ўведзеныя абгрунтавана. БМЗ атрымлівае выгады ад рэжыму Лукашэнкі, структурна залежыць ад дзяржаўнага апарату і робіць унёсак ва ўстойлівасць рэжыму. Прадпрыемства было прызнанае інструментам дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, які адыгрывае ключавую ролю ў экспартнай мадэлі эканомікі Беларусі. Суд адзначыў, што БМЗ атрымлівае дзяржаўныя льготы і падтрымку, якія дазваляюць яму канкураваць на міжнародным рынку, тым самым умацоўваючы эканамічныя пазіцыі рэжыму.

У выніку пазоў БМЗ быў адхілены ў поўным аб'ёме. Гэта ўжо другая безвыніковая спроба БМЗ скасаваць санкцыі ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.