Расія адмаўляецца ад удзелу ў Савеце Еўропы
Штаб-кватэра СЕ ў Страсбургу / Reuters
Расія адмаўляецца ад удзелу ў Савеце Еўропы. У Маскве лічаць, што "недружалюбныя" Расіі краіны ЕС і NATO злоўжываюць сваёй абсалютнай большасцю ў Камітэце міністраў Савета Еўропы і вядуць да разбурэння "агульнай гуманітарна-прававой прасторы ў Еўропе". Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС РФ.
Таму "Расія не мае намеру мірыцца з гэтымі падрыўнымі дзеяннямі" і "хай атрымліваюць асалоду ад зносін адзін з адным, без Расіі", гаворыцца ў заяве.
Пасля нападу Расіі на Украіну сяброўства РФ у Савеце Еўропы было прыпыненае. Намеснік старшыні Савета Бяспекі і экс-прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў назваў гэта рашэнне еўрапейскіх палітыкаў "дзікай несправядлівасцю" і тут жа прапанаваў вярнуць у Расіі смяротнае пакаранне. Ён сказаў, што гэта "нядрэнная нагода, каб ляпнуць дзвярыма і забыць пра гэтыя бессэнсоўныя багадзельні назаўжды".
Савет Еўропы з'яўляецца найстарэйшай міжнароднай арганізацыяй у Еўропе. У яго склад уваходзяць 47 дзяржаў, у якіх пражывае больш за 800 млн чалавек. Савет Еўропы з'яўляецца цалкам самастойнай арганізацыяй, якая не ўваходзіць у сістэму Еўрапейскага саюза, што аб'ядноўвае толькі 27 дзяржаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.