Расіяне просяць беларусаў патлумачыць прычыну масавай гібелі свіней
Расіяне просяць беларусаў патлумачыць прычыну масавай гібелі свіней у Гомельскім раёне. Рассельгаснагляд не выключае, што ў Беларусі хаваюць інфармацыю пра ўспышкі афрыканскай чумы свіней. У Маскве ёсць інфармацыя пра масавую гібель свіней “ад невядомага захворвання” ў аграгарадку Новая Гута. Расійскі бок прасіў пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю, даслаць падрабязныя матэрыялы па эпізаатычнай сітуацыі ў Гомельскай вобласці. Паколькі афіцыйнага адказу не было, 11 красавіка Рассельгаснагляд звярнуўся да Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі з паўторнай просьбай аб інфармацыі.
А пачалося ўсё з выяўлення расійскімі спецыялістамі генома віруса АЧС у мясной прадукцыі Гомельскага мясакамбіната. На прадпрыемстве мяркуюць, што расіяне памыліліся. Аднак у Маскве так не лічаць — з 10 красавіка былі прыпынены пастаўкі свініны з Беларусі ў Расію. Рассельгаснагляд чакае ад беларускага боку інфармацыю пра пастаўшчыкоў свіней і сыравіны Гомельскага мясакамбіната, пра колькасць пагалоўя свіней на тэрыторыі Гомельскай вобласці за апошнія два гады.
Тым часам, як даведалася Еўрарадыё, свіней масава знішчылі ў Драгічынскім і Баранавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Там адмаўляюць, што прычына ў АЧС.