Расійскі эксперт піша пра "мяцеж" у Беларусі і ўварванне з Украіны "нацы"

Прэзідэнт расійскага Цэнтра сістэмнага аналізу і прагназавання Расціслаў Ішчанка змясціў на сайце РІА "Новости" жахлівы сцэнарый развіцця падзей падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў лістападзе 2015 года. Ён мяркуе, што парламенцкія выбары ў Кыргызстане 1 лістапада і акцыі пратэсту могуць адцягнуць увагу ад Беларусі, а беларускае кіраўніцтва "расслабіцца", паколькі дагэтуль ЗША ніколі не арганізоўвалі "дзве каляровыя рэвалюцыі адначасова".

Ішчанка піша, што ў такой сітуацыі "ў Мінску ў мяцежнікаў з'яўляецца шанец". Расійскі эксперт упэўнены, што ў апошнія 4-5 гадоў у нашай краіне з'явіліся "нацы", "праеўрапейская моладзь", а дзяржаўныя структуры "сталі перыядычна гуляцца ў шматвектарнасць".

Расціслаў Ішчанка мяркуе, што беларускія "мяцежнікі" "могуць не гуляць у мірны пратэст, якога ад іх чакаюць, а паспрабаваць адным ударам падрыхтаваных штурмавых атрадаў захапіць кантроль над сталіцай і паралізаваць уладу". Да таго ж можа прыйсці падтрымка з Украіны — "некалькі батальёнаў украінскіх нацы", якія нібыта нікому не падначальваюцца і прарвуцца праз мяжу (расіянін піша пра "дзве-тры тысячы ўкраінскіх нацы").

Як вядома, у Беларусі няма ніякіх "штурмавых атрадаў". Гэта — фантазіі прэзідэнта расійскага Цэнтра сістэмнага аналізу і прагназавання.

Ішчанка ж працягвае пісаць пра далейшыя падзеі свайго "сцэнарыя". Калі ж "мяцеж" пераможа, то ў Беларусі ўсталюецца "нацысцкі рэжым". Праўда, расійскі эксперт лічыць гэта малаверагодным. Ён верыць у здольнасць беларускага войска і сілавых структур хутка ліквідаваць "путч". Аднак у выпадку атакі беларускай мяжы ўкраінскімі ўзброенымі фармаваннямі ў краін-удзельніц Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) з'явіцца падстава для таго, "каб увайсці ва Украіну і не быць пры гэтым агрэсарамі".

Але і такі варыянт, на думку расійскага эксперта, для ЗША прымальны, паколькі пачнецца вайна, у якую могуць быць уцягнутыя краіны Балтыі, Польшча, Румынія. А Вашынгтон заявіць пра нападзенне Расіі на Еўрасаюз і NATO, піша Расціслаў Ішчанка.

Застаецца толькі спадзявацца, што ўвесь гэты "сцэнарый" — фантазіі расійскага эксперта, і не больш за тое. Што ў Беларусі не будуць арганізоўвацца правакацыі з мэтай распальвання не толькі "халоднай", але і "гарачай" вайны.

Фота: ria.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі