Расійскі міністр: Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту для малака
Беларускім вытворцам давядзецца шукаць новыя рынкі збыту для малака. Пра гэта ў інтэрв’ю РІА “Навіны” заявіў міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў: “Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сур’ёзныя намеры напаіць расіян айчынным малаком”.
Ткачоў адзначыў, што з Беларусі ідуць пастаўкі значнай часткі сухога малака, наша краіна — найбуйнейшы экспарцёр малочнай прадукцыі, яе пастаўляюць амаль 120 беларускіх прадпрыемстваў. Летась у агульным аб’ёме паставак у Расію на Беларусь прыпадае 86% экспарту малочнай прадукцыі ці 950 тысяч тон (за тры гады рост склаў 24%).
Міністр сельскай гаспадаркі Расіі паведаміў, што ў бліжэйшыя 5-7 гадоў расійскі бок плануе “закрыць гэтае пытанне”. Пакуль жа, кажа Ткачоў, “нармальнаму развіццю рынку перашкаджае нядобрасумленная канкурэнцыя з малочнай прадукцыяй, якая змяшчае раслінныя тлушчы, і сухім малаком”.
Аляксандр Ткачоў дадаў, што пастаўшчыкі з Беларусі сухога абястлушчанага малака “адкрыта дэмпінгуюць” на пастаўках на расійскі рынак. Паводле яго слоў, за няпоўныя два месяцы 2018 года беларусы двойчы зніжалі экспартныя цэны.
30 сакавіка на тэму праблем з пастаўкамі беларускага малака на расійскі рынак выступіў Аляксандр Лукашэнка. Ён параіў шукаць іншыя рынкі збыту прадукцыі.