Расійскі сенатар выступіў супраць знішчэння свіней з-за чумы

На цяперашні час у Расіі налічваецца 58 ачагоў афрыканскай чумы свіней, і іх колькасць расце. Сярод мераў па барацьбе з эпідэміяй прапануецца знішчыць хворых жывёлаў і ўвесці забарону на гадоўлю свіней на сялянскіх падворках і ў фермерскіх гаспадарках. Як вядома, у Беларусі вакол выяўленых ачагоў захворвання знішчаюцца ўсе свінні, у тым ліку і мясцовых жыхароў, якім абяцаюць кампенсацыю. Там забараняецца на працягу некалькіх гадоў гадаваць свіней.


Расійскі сенатар адгукнуўся на зварот фермераў, якія прасілі не дапусціць да прыняцця падобнага рашэння. "Асноўная прычына распаўсюду хваробы — не жывёлы, а чалавечы фактар, транспартныя сродкі, яны і з'яўляюцца асноўнымі пераносчыкамі інфекцыі, — цытуе словы Уладзіміра Плотнікава РІА "Новости". — Перад гэтай сур'ёзнай пагрозай уразлівыя любыя гаспадаркі, незалежна ад формы арганізацыі і велічыні".


Сенатар лічыць, што трэба задзейнічаць усю магутнасць ветэрынарных службаў па ліквідацыі ачагоў захворвання, тэрмінова выпрацаваць дакладныя патрабаванні па ўтрыманні свіней і зрабіць больш жорсткім пакаранне за іх парушэнне. Плотнікаў перакананы, што татальная забарона на гадоўлю свіней можа стаць сур'ёзным ударам па расійскай вёсцы.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі