Расійскі ўрад: выклікаюць здзіўленне заявы кіраўніцтва Беларусі

Расійскі ўрад: выклікаюць здзіўленне заявы кіраўніцтва Беларусі

Прэс-служба расійскага ўрада пракаментавала сённяшні эмацыйны выступ Аляксандра Лукашэнкі

Як распавядала Еўрарадыё, абурэнне беларускага кіраўніка было выкліканае рашэннем Расіі закрыць беларуска-расійскую мяжу ў рамках барацьбы з распаўсюдам каранавіруса. Ён заявіў, што "Расія ўся палае ад каранавіруса", а ў Беларусі эпідэмічная сітуацыя спакойная. Таксама ён абурыўся, што расійскае кіраўніцтва не параілася з афіцыйным Мінскам, а проста паставіла яго перад фактам закрыцця мяжы. 

У сваёй заяве прэс-служба расійскага ўрада падкрэслівае, што Масква дзейнічала ў адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ: "У тэлефоннай размове кіраўнікоў урадаў Расіі і Беларусі было падкрэслена, што рашэнні ўрада Расійскай Федэрацыі прымаюцца ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, носяць аб'ектыўны і навукова абгрунтаваны характар".

Заявы Лукашэнкі ў Маскве назвалі неадпаведнымі сітуацыі: "У гэтай сувязі ва ўрадзе Расійскай Федэрацыі выклікаюць здзіўленне выказванні кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь па сітуацыі з распаўсюдам новай каранавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, выказванне пра колькасць інфікаваных дазваляе зрабіць выснову, што ў прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сітуацыя ў Беларусі значна больш сур'ёзная, чым у Расіі. Сцвярджэнне, што "Расія ўся палае ад каранавіруса", не адпавядае рэчаіснасці".

У расійскім урадзе заяўляюць, што размова Мішусціна і Румаса наконт каранавіруса і была задуманая дл таго, каб узгадніць сумесныя меры па барацьбе з распаўсюдам каранавіруса ці атрымаць нейкія сустрэчныя прапановы ў гэтым напрамку. "Характэрна, што ў тэлефоннай размове кіраўнікоў урадаў якія-небудзь пярэчанні не былі выказаныя", — канстатуецца ў заяве.

Таксама ў Маскве заяўляюць, што закрыццё мяжы з Беларуссю было выкліканае найперш тым, што ўлады нашай краіны не прымаюць меры па нераспаўсюдзе каранавіруса з трэціх дзяржаваў. 

Прэс-служба расійскага ўрада падкрэслівае, што абмежавальныя меры носяць часовы характар. 

"У цэлым жа выклікае здзіўленне, што ва ўмовах электаральнага цыклу кіраўніцтва Беларусі выступае з падобнымі заявамі, якія не спрыяюць выпрацоўцы ўзгодненых мер па сумесным супрацьдзеянні распаўсюду каранавіруснай інфекцыі. Расійскі бок разлічвае, што беларускія партнёры зоймуць канструктыўную пазіцыю ў інтарэсах захавання здароўя і эпідэміялагічнага дабрабыту грамадзян Беларусі і Расіі", — гаворыцца ў дакуменце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі