Чаму ў мінскім аэрапорце на каранавірус не правяраюць усіх пасажыраў
Самалёт авіякампаніі "Белавія" / фота чытачкі Еўрарадыё
У рэдакцыю Еўрарадыё патэлефанавала пасажырка рэйса "Белавія", якая 17 сакавіка ўвечары прыляцела з Масквы ў Мінск.
"У аэрапорце тэмпературу не правяраюць, не пытаюцца, праз якую краіну ляцела. Ніякіх тэстаў на каранавірус не бяруць — наогул нічога, — абураецца дзяўчына. — Таксама я не бачыла ніводнага цеплавізара".
Дзяўчына расказвае, што вярталася ў Мінск з Дубая, а ў Маскве ў яе была перасадка. Як ёй удалося пазбегнуць кантролю на ўездзе ў Беларусь? І наогул, чаму правяраюць не ўсіх?
"Таму што няма такой неабходнасці, — адказваюць Еўрарадыё ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. — Пасажыры не прыляцелі ў эпідакружэнне, дзе бушуе каранцін. У людзей, якія выходзяць з самалёта і жадаюць прайсці аналіз на каранавірус, заўсёды ёсць магчымасць".
Па стане на 17 сакавіка колькасць выяўленых носьбітаў каранавіруса ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, адкуль прыляцела дзяўчына, дасягнула 113. У Расіі вірус знайшлі ў 114 чалавек. У Беларусі, па статыстыцы на 17 сакавіка, было зарэгістравана ўсяго 36 выпадкаў COVID-19. Гэта значыць, у абедзвюх краінах, дзе пабывала дзяўчына, хворых на каранавірусную інфекцыю больш, чым у нашай краіне!
"Правяраць усіх неабходнасці няма, — працягваюць настойваць у Нацыянальным аэрапорце Мінск. — Калі самалёт прылятае з Італіі, правяраюць усіх".
А Аляксандр Лукашэнка днямі сказаў, што Расія "ўся палае ад каранавіруса". Дык чаму ж у мінскім аэрапорце не правяраюць пасажыраў з Расіі, якая "палае ад каранавіруса"?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.