Беларускі кіраўнік звярнуў увагу на фармулёўку: расіяне не проста ўвялі кантроль, а закрылі мяжу. Ён параіў "некаторым гарачым галовам у Расіі" спачатку "думаць, перш чым гаварыць". "Закрыць, як і пачаць нейкую вайну, заўсёды прасцей, чым пасля з гэтай сітуацыі выходзіць, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму што пасля... трэба будзе адкрываць". "Людзі, якія прыйшлі да ўлады ў Расіі, відаць, гэтага не разумеюць", — мяркуе ён.
Крытычна кіраўнік дзяржавы выказаўся пра закрыццё мяжы, як сродак барацьбы з карнавірусам. На яго думку, з вірусамі трэба змагацца "прафесійна і кропкава". "Навошта ж адрэзалі Беларусь ад Расіі, не падумаўшы пра наступствы? — працягваў Лукашэнка сваю эмацыйную прамову. — Мне здаецца, што там больш заклапочаны, як Маскву нейкім плотам агарадзіць... Не дай Бог, з Мішусціным штосьці здарыцца".
Аляксандр Лукашэнка распавёў, што ў Мінску вельмі здзівіліся, калі Масква прапанавала накіраваць тры тысячы тэстаў на выяўленне каранавіруса. "Мы проста разгубіліся: адкуль такая дабрыня з боку Расіі, — гаварыў беларускі кіраўнік. — То лыжку нафты не маглі падзяліць, а тут калі ласка". Аказваецца, у Расіі заўважылі паспяховы вопыт беларускіх медыкаў і вырашылі аказаць "спонсарскую дапамогу". І пры гэтым закрываюць мяжу.
Лукашэнка заявіў, што з каранавірусам у Расіі цяжкая сітуацыя. І тым больш яго здзіўляюць паводзіны Масквы: "Вы чаго баіцеся Беларусі?". Ён згадаў транзіт грузаў, нафты і газу. "Можа, нам падумаць, а раптам вірус у трубе з нафтай ці з прыродным газам?", — гаварыў беларускі кіраўнік. А яшчэ ж існуе праблема беларускіх і расійскіх грамадзян, якія працуюць ці вучацца ў Расіі ці Беларусі. І рашэнне пра закрыццё мяжы толькі стварае паніку.
Лукашэнку абурае, што з беларусамі не параіліся, проста паставілі перад фактам. "Калі ўжо закрываць мяжу — гэта, напэўна, не ўраду справ, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта рашэнне павінен прымаць прэзідэнт краіны". Ён збіраецца патэлефанаваць Уладзіміру Пуціну. Іх размова ўжо запланаваная.
"Можа, яны ўжо па новай Канстытуцыі жывуць? — намякаў Лукашэнка на запланаваныя палітычныя пераўтварэнні ў Расіі. — Хто яго ведае".
Што да "адэкватнага адказу", то калі Беларусь на яго пойдзе, "да Крамля фуры будуць стаяць у чарзе, а людзі ашалеюць", заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў, што Беларусь не будзе закрываць свае межы, паколькі "гэта немагчыма" ("Яны [суседзі] хочуць — няхай закрываюцца"). У нашай краіне будуць працягваць змагацца з каранавірусам кропкава, па ўжо адладжанай схеме.