Беларусам можна вяртацца дадому транзітам праз Маскву — у межах аднаго аэрапорта
Беларусы, якія вяртаюцца дадому транзітам праз Маскву, змогуць ляцець толькі ў межах аднаго аэрапорта маскоўскага авіяцыйнага вузла. Такое тлумачэнне далі расійскія ўлады амбасадзе Беларусі ў Расіі, перадае БЕЛТА са словаў прэс-сакратара дыпмісіі Алега Мазуры.
Як паведамлялася раней, з 00.00 18 сакавіка Расія зачыніла свае межы. Усім замежнікам (у тым ліку грамадзянам Беларусі) забараняецца ўезд на тэрыторыю РФ. Але транзіт праз аэрапорты будзе дазволены.
Алег Мазура патлумачыў, што беларус, які прыляцеў з-за мяжы ў Маскву ў аэрапорт Дамадзедава, павінен, не пакідаючы транзітнай зоны, вылецець у Мінск таксама з гэтага аэрапорта. Пры гэтым пасажырам абавязкова трэба мець пры сабе праязныя квіткі, якія пацвярджаюць факт транзіту.
Авіякампанія "Белавія" лятае ў маскоўскія аэрапорты Дамадзедава і Шарамеццева. Акрамя таго, з Шарамеццева ў Мінск мае рэйсы расійскі "Аэрафлот". З аэрапорта Унукава ў Мінск лятае расійская авіякампанія "Ютэйр".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.