Расійскі журналіст: Пасля выбараў Мядзведзева могуць "прыбраць"

Прэзідэнцкія выбары ў Расіі адбудуцца ўжо ў найбліжэйшыя выходныя. Ад вынікаў кампаніі шмат можа змяніцца не толькі ў гэтай краіне, але і ва ўсім рэгіёне. Праўда, Беларусь, здаецца, мала цікавіць расійскіх палітыкаў. Беларуска-расійскія адносіны турбуюць, бадай, адных толькі камуністаў, — кажа расійскі журналіст “lenta.ru” Ілля Азар.

Ілля Азар: “У Зюганава ў праграме ёсць нешта пра тое, што той будзе ўмацоўваць саюз Расіі і Беларусі і ў адрозненне ад Ельцына і Пуціна нарэшце яго створыць. Хутчэй за ўсё, Зюганава, а не кагосьці іншага, турбуе гэтая тэма”.

Але Генадзь Зюганаў, хутчэй, не мае шанцаў наладзіць беларуска-расійскія адносіны. Як паказвае перадвыбарная статыстыка, падтрымка Пуціна складае да 60% галасоў выбарцаў. Таму, верагодней за ўсё, не дойдзе нават да другога туру.

Ілля Азар: “Ёсць статыстыка, паводле якой Пуцін набірае да 60%. Зюганаў — каля 20%. Адпаведна, рэшта набірае менш. Трэці — Жырыноўскі, і Міронаў з Прохаравым змагаюцца за трэцяе месца. Ніхто, апроч сістэмнай апазіцыі, не сумняецца, што тур будзе адзін”.

Досвед парламенцкіх выбараў паказаў, што шмат грамадзянаў Расіі не вераць уладам і не прызнаюць арганізаваныя імі выбары. Шматлікія пратэсты ў Маскве пацвердзілі, што людзі гатовыя змагацца за сумленны падлік галасоў, якога, на думку многіх, у Расіі няма. Праблема толькі ў тым, што там няма такой моцнай сілы, якая б пратэстамі змагла дабіцца нейкіх вынікаў. Новы рух “Белай стужкі” не мае адзінага плану, таму, лічыць Ілля Азар, нават натоўпы пратэстоўцаў на вуліцах не даб’юцца змены ўлады.

Ілля Азар: “Што тычыцца новай сілы “Белай стужкі”, што ўчора вывела на Садовае кальцо да 20 тысяч чалавек, — яна можа вывесці і да 100 тысяч. Але там сітуацыя не вельмі зразумелая, бо тыя не маюць свайго кандыдата. Асноўныя прэтэнзіі ў іх да самых выбараў, і адзінага плану яны не маюць. Але ёсць вялікая няпэўнасць, ці будуць выбары сумленныя, таму, думаю, людзі зноў выйдуць на вуліцы. Але выніку ніякага гэта не дасць”.

Калі Уладзімір Пуцін застанецца пры ўладзе, пра тандэм Пуцін-Мядзведзеў можна будзе забыцца. Ілля Азар лічыць, што палітычная сітуацыя можа прывесці да замены Мядзведзева кімсьці іншым. 

Ілля Азар: “Калі 24 верасня была пэўнасць таго, што Мядзведзеў будзе прэм’ерам, то цяпер такой пэўнасці няма. З аднаго боку, Пуцін сваім не здраджвае, і Мядзведзеў добра яму паслужыў гэтыя гады. Але рэальная палітычная сітуацыя можа прывесці да таго, што Мядзведзева “прыбяруць”.

Еўрарадыё будзе і надалей сачыць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі.

120227 Azar_site.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі