Расійскія памежнікі не пускаюць замежнікаў, калі яны едуць праз Беларусь
Муж жыхаркі Масквы Ніны Скеп’ян грамадзянін Чэхіі. Ён рухаўся са сваёй радзімы ў Маскву праз тэрыторыю Беларусі па трасе М1, маючы пры гэтым транзітную беларускую і расійскую візы, а таксама дазвол на працу ў Расіі, як высокакваліфікаваны спецыяліст.
Пад Смаленскам ён быў спынены памежнай службай ФСБ Расіі, і яму не дазволілі перасекчы мяжу ў гэтым месцы. Прычына — на мяжы Беларусі і Расіі там няма міжнароднага памежнага пункту пропуску.
“Ён быў вымушаны шукаць іншыя міжнародныя памежныя пераходы. Праехаў уніз у бок Гомеля. Там перасёк мяжу Украіны і Беларусі. І калі ён перасякаў украінска-расійскую мяжу ў Новых Юркавічах, напісаў, што едзе з Беларусі. Расійскіх памежнікаў гэта не задаволіла, яны папрасілі напісаць, што ён едзе з Украіны, бо, маўляў, у нас з Беларуссю няма мяжы”, — кажа Ніна Скеп'ян.
З такімі цяжкасцямі сутыкаюцца не толькі грамадзяне Еўрасаюза:
“На вачах майго мужа была спыненая машына з казахскімі нумарамі і грамадзянамі Казахстана ўнутры. Яны нават тэлефанавалі консулу пракансультавацца. Консул запэўніў казахаў, што яны маюць права быць прапушчанымі. На што памежнікі пачалі пагражаць казахам арыштам. То бок, утварылася сапраўдная дзяржаўная мяжа, якая не мае міжнародных пунктаў пропуску. Таму ўсіх разварочваюць”.
Гэтыя правілы дзейнічаюць не толькі для замежнікаў, якія едуць на ўласных машынах, але і для тых, якія рухаюцца міжнародным наземным транспартам.
Пра такую сітуацыю пішуць і польскія СМІ. Маўляў, грамадзяне Польшчы, Чэхіі і Літвы, якія падарожнічаюць у Расію праз Беларусь, цяпер вымушаныя ўязджаць у краіну праз Латвію або Украіну.
Крыніца з памежнай службы расійскага ФСБ заяўляе РІА “Новости”, што на мяжы Расіі і Беларусі не існуе міжнародных пунктаў пропуску, праз якія маглі б уязджаць замежныя грамадзяне.
Беларускія памежнікі кажуць, што не забараняюць уезд чэхам ці палякам, якія рухаюцца ў Расію праз тэрыторыю нашай краіны, калі гэтыя грамадзяне маюць падставы для ўезду, беларускія візы. Такіх грамадзянаў нават не папярэджваюць, што іх могуць спыніць з расійскага боку беларуска-расійскай мяжы.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык гаворыць Еўрарадыё, што праблемы быць не можа і не было 20 гадоў:
“Грамадзяне замежных краін перасякаюць мяжу Беларусі ў міжнародных пунктах пропуску, праходзяць адпаведны кантроль, атрымліваюць пры гэтым міграцыйныя карткі агульнага з расійскай карткай узору. Мы лічым гэтыя працэдуры цалкам дастатковымі для далейшага безпраблемнага руху такіх замежнікаў па агульнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Як гэта і было апошнія амаль 20 гадоў”.
Гэтыя нечаканасці на расійскай мяжы не распаўсюджваюцца на грамадзянаў Беларусі і Расіі.