Распрацаваны праект канцэпцыі аб кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным у Беларусі
У Беларусі амаль паўтары тысячы палітвязняў, прызнаных праваабаронцамі
Распрацаваны праект канцэпцыі аб кампенсацыі шкоды пацярпелым ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Над ім працавалі Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з юрыстамі, праваабаронцамі і недзяржаўнымі арганізацыямі.
Адзначаецца, што мэта канцэпцыі — "аднаўленне справядлівасці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас праўлення Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 года", а кампенсацыя шкоды — "гэта перш за ўсё аднаўленне ў юрыдычных, грамадзянскіх, палітычных, працоўных і іншых правах тых, хто пацярпеў ад дзеянняў рэжыму". Яшчэ адна мэта — забеспячэнне "непаўторнасці грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека" ў Беларусі.
Распрацаваны дакумент "фіксуе асноўныя падыходы да аднаўлення справядлівасці адносна пацярпелых". Таксама "прадугледжаны механізм вызвалення тых, хто знаходзіцца ў месцах зняволення, калі на момант транзіту ўлады яны ўсё яшчэ будуць там знаходзіцца". У той перыяд "новая дэмакратычна абраная ўлада зможа прыняць неабходныя законы і запусціць працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных асоб".
Мяркуецца, што ў Беларусі з вясны 2020-га "праз затрыманні прайшлі каля 50 тысяч чалавек". За той жа перыяд па палітычна матываваных справах было асуджана 3400 чалавек. Аўтары канцэпцыі лічаць, што "краіну пакінулі дзясяткі тысяч грамадзян". Але ёсць меркаванні, што іх можа быць значна больш.
Офіс Ціханоўскай чакае прапановы наконт канцэпцыі аб кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.