Рассельгаснагляд вінаваціць Тураўскі малочны камбінат у фальшывым транзіце
Сыр / pexels.com, ілюстрацыйнае фота
Рассельгаснагляд вінаваціць Тураўскі малочны камбінат у фальшывым транзіце і просіць беларускі бок прыняць меры.
Пастаўкі сыра з Турава ў Расію былі абмежаваныя сёлета ў красавіку. Рассельгаснагляд выявіў у сыры ялавічны тлушч, а таксама заявіў пра няслушную дакументацыю на прадукцыю.
Аднак тураўскі сыр працягвае паступаць у Расію. Ад пачатку чэрвеня 2023 года ў Расію завезлі восем партый сыру агульнай вагой 128 тон. Сыр мусіў быць дастаўлены ў Арменію, але да памежнага пункту "Верхні Ларс" не даехаў. Адзнакі пра завяршэнне транзіту ў інфармацыйнай сістэме "ВетИС" няма, як і звестак пра мытную праверку транспарту, які перавозіў сыр, кажуць у Рассельгаснаглядзе.
Таму расійскае ведамства просіць Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі прыпыніць выдачу сертыфікатаў для тураўскай прадукцыі, якая транзітам праз Расію пастаўляецца ў трэція краіны. Таксама расіяне прапануюць беларускім калегам правесці расследаванне і высветліць, куды ж у Расіі падзеўся беларускі сыр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.