Раўбічы ў гэтым сезоне могуць прыняць этап Кубка свету па біятлоне
Комплекс у Раубічах можа прыняць этап Кубка свету-2016/17, калі гэтыя спаборніцтвы адбяруць у расійскай Цюмені. Пра гэта паведамілі ў выпуску спартовых навінаў на тэлеканале “Беларусь 5”.
Паводле тэлеканала, Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) склаў спіс магчымых кандыдатаў на замену Цюмені. У гэтым спісе фігуруе і беларускі біятлонны комплекс.
Прычынай магчымай адмены спаборніцтваў у Расіі стаў чарговы допінгавы скандал. Кіраўнік IBU Андэрс Бесеберг заявіў, што ў арганізацыі ёсць доказы віны расіян у допінгавых махінацыях. Раней лідар сусветнага біятлону Мартэн Фуркад прыгразіў Саюзу байкотам спаборніцтваў, калі ўсе вінаватыя не будуць пакараныя, піша Прессбол.