Размеркаванне на журфаку: у Беразіно за 1,3 мільёна ці ў Вілейку за 1,2
Сёлета будучых журналістаў адпраўлялі на працу без слёз. А карэспандэнту Еўрарадыё нават не прапанавалі ажаніцца, як летась.
"А я замужам, мусяць вольны дыплом даць", — адразу чую ў калідоры Інстытута журналістыкі. Ідзе размеркаванне выпускнікоў.
Іншыя падтрымліваюць жарт: "Не апошняе размеркаванне, як патрапіш у Іўе — пераразмяркуешся".
У кабінет чарга, выпускнікі чакаюць першае месца працы пасля ўніверсітэта. На размеркаванне прыехала нават міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Спачатку размяркоўваюць выпускнікоў магістратуры.
"Я працую ў газеце "Звязда" з 3 курса, таму пытанне з размеркаваннем было вырашанае адразу, — распавядае Вераніка Канюта. — Для многіх выпускнікоў, калі ты ўжо сябе зарэкамендаваў, праблемы няма".
Кацярыну пасля 5 курсаў журфака БДУ размяркоўваюць у Вілейку з акладам 1,2 мільёна рублёў. Маглі паслаць працаваць цэлым намеснікам галоўнага рэдактара ў бярэзінскай газеце, але выпускніца адмаўляецца.
"Я сама папрасілася ў Вілейку. Хацелі намеснікам галоўнага рэдактара ў бярэзінскую газету, абяцалі, на працу на машыне вазіць будуць. Але я вырашыла ў Вілейку", — распавядае Кацярына.
Яе сяброўка Ангеліна едзе ў Гродна, у газету "Слова жыцця", сама прынесла заяўку.
Слёз на размеркаванні не заўважаем у адрозненні ад мінулага года. Выпускнікі тлумачаць, што ўжо ведалі, куды адправяць, з папярэдняга размеркавання. Тым больш, заявак з прыватных выданняў амаль няма. Жаніцца, як у мінулыя гады, таксама не прапануюць.
"Мяне размеркавалі на тэлебачанне ў Жодзіна, сама абрала гэтую вакансію на папярэднім размеркаванні. Але потым планую вярнуцца ў Мінск, таксама на тэлебачанне", — апісвае сваё размеркаванне Анастасія.
Глядзім поўны спіс вакансій на размеркаванне, які вісіць на журфаку ў БДУ. У рэдакцыі "Веснік Чэрыкаўшчыны" Магілёўскай вобласці прапануюць аклад у 1,1 мільёна і абяцаюць месца ў інтэрнаце. А гэта цэлыя паўтары стыпендыі!
У газету "Шлях перамогі" Мінскай вобласці бяруць на 1,2 мільёна акладу, таксама абяцаюць інтэрнат.
"У нас усе свае, вілейскія працуюць. У тым годзе падавалі заяўку — ніхто не прыехаў. А так, можна зарабіць больш за 2 мільёны для пачатку", — малююць перспектывы ў газеце.
У "Дзвінскай праўдзе" карэспандэнту абяцаюць нават 4,5 мільёна. А рэкардсмен — газета "Наваполацк сёння". Выданне шукае карэспандэнта для вядзення сайта за 6 мільёнаў!
Вакансіі на размеркаванні:
Фота 1: balavana.ru