Рэха публікацыі: на закінутых могілках можа паўстаць стэла ў гонар ваяроў
Пасля сюжэту Еўрарадыё ў вёсцы Падроўнае добраўпарадкавалі могілкі. А месцам брацкага пахавання салдат займаюцца мясцовыя ўлады і Мінабароны.
У канцы траўня на Еўрарадыё выйшаў рэпартаж пра могілкі ў Рэчыцкім раёне, на якіх стаіць занядбаны саматужны помнічак палеглым у Другой сусветнай вайне савецкім салдатам. Знаходзяцца пахаванні ў полі пад вёскай Падроўнае, дзе ў 1944-м праходзілі зацятыя баі чырвонаармейцаў з нацыстамі. Сёння ў вёсцы жыве ўсяго некалькі чалавек.
Аказалася, што драўляны плот вакол могілак месцамі пахіліўся, а інфармацыю на вайсковым помніку ўжо складана прачытаць.
І вось днямі з Еўрарадыё зноўку звязаліся мясцовыя людзі з Ямпаля, якія жывуць за некалькі кіламетраў ад могілак.
“З месяц таму тут усё акультурылі, пакасілі траву, распачалася праца”, — хваляцца людзі.
Так плот на могілках у падроўным выглядаў у траўні
Так агарадзілі пагост у жніўні
Кіраўнік Заспенскага сельвыканкама Сяргей Зелянкоўскі, які арганізаваў добраўпарадкаванне, атрымаў сваю пасаду некалькі месяцаў таму і амаль адразу пабачыў крытычны допіс аб могілках у Падроўным.
“Тады мы сіламі сельсавета паставілі новую агароджу і аднавілі надпіс на салдацкім пахаванні, — апавядае Сяргей Валянцінавіч. — Гэта няпроста робіцца, але знайшлі спонсараў, грошы. Нам дапамагло прадпрыемства “Савецкая Беларусь” пры Рэчыцкім камбінаце хлебапрадуктаў. Але хацелася б, каб вы напісалі яшчэ і пра іншую праблему”.
Еўрарадыё: Якую?
Сяргей Зелянкоўскі: На тэрыторыі нашага сельсавета 21-ы могілкі. Некаторыя людзі ў найлепшым выпадку прыбіраюць вакол магіл сваіх блізкіх. І смецце проста выкідаюць за агароджу, дзе бліжэй. Нават не ў адно месца. І пайшлі дадому задаволеныя. А дзе нам узяць грошы, каб усё гэта прыбіраць? А бюджэт зусім маленькі. Я прапаноўваю мясцовым жыхарам: “Давайце зробім суботнік, я прыганю трактар, вывезем смецце”. А яны на мяне ківаюць: “Усё гэта павінен рабіць сельсавет”. Выходзіць, і насельніцтва не імкнецца цывілізавана даглядаць могілкі.
Цягам размовы пра добраўпарадкаванне у Падроўным даведваемся ад Сяргея Зелянкоўскага, што справа закруцілася нашмат далей за агароджу і шыльду на брацкай магіле салдат. Аказваецца, пры могілках можа паўстаць цэлы вайсковы манумент.
Цяпер Мінабароны мусіць вызначыць дакладныя межы брацкага вайсковага пахавання ў Падроўным і прыняць рашэнне наконт увекавечвання памяці ваяроў.
“У кожным разе, каб нешта зрабіць, мы павінныя паставіць гэтае брацкае пахаванне на ўлік, — тлумачыць Святлана Краўчанка, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама. — Мы чакаем, пакуль цалкам скончацца працы па добраўпарадкаванні могілак. А ў наступным годзе там можа ўжо з’явіцца новая стэла ў гонар палеглых салдат”.
Дарэчы, тэрыторыя Заспенскага сельсавета можа пераўтварыцца ў перспектыўны турыстычны кірунак. У вёсцы Гарошкаў (непадалёк ад Падроўнага і Ямпаля) жыў геніяльны паэт Анатоль Сыс. Там жа знаходзіцца старажытнае гарадзішча.