Рэпетытар Яўген Лівянт: Вучням, у якіх на ЦТ 25 балаў, няма чаго рабіць у ВНУ

Рэпетытар Яўген Лівянт: Вучням, у якіх на ЦТ 25 балаў, няма чаго рабіць у ВНУ

Якія вынікі сёлетняй уступнай кампаніі ў ВНУ, чаму ў сістэме паступлення нічога не змяняецца і што з усім гэтым рабіць? Абмяркоўваем у студыі Еўрарадыё з рэпетытарам і стваральнікам цэнтра "100 балаў" Яўгенам Лівянтам. 

"Ніякіх пазітыўных тэндэнцый сёлета я не заўважыў. Ніжні парог тэставання на частку прадметаў — 15 балаў, на частку — 10. Значыць, у ВНУ па-ранейшаму ідуць вучні, якія не ведаюць нічога. Вучні, якія здаюць ЦТ на 10 балаў, на 20 балаў і нават на 25 балаў, не ведаюць нічога. Ім няма чаго рабіць у ВНУ, ім трэба яшчэ год падрыхтоўкі".

"Шмат гадоў спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем, высмоктваюць — у добрым сэнсе — усіх, хто можа добра здаць экзамены. Там высокія прахадныя балы. Добра, што ў нас ёсць Парк высокіх тэхналогій. Адмоўны бок — інжынер атрымлівае ў разы менш за айцішніка. І прахадныя балы на інжынерныя спецыяльнасці падаюць. Калі ў нас не з'явіцца нейкі Індустрыяльны парк, тэндэнцыя для інжынераў будзе сумная".

 

"Вынікі ЦТ — гэта тэрмометр. Трэба нешта рабіць не з ЦТ, а з сістэмай школьнай і дашкольнай адукацыі. Трэба прызнаць гэты крызіс. Калі напісаць добрыя падручнікі, нічога не зменіцца. Падняць заробак настаўнікам — таксама не зменіцца. Патрэбны комплекс мераў, распісаны па тэрмінах, на першым этапе адно робім, на другім — другое".

"Ва ўсім свеце абітурыент падае дакументы адразу ў некалькі ўніверсітэтаў, усюды ў тым ці іншым выглядзе існуе сістэма электроннага залічэння. А ў нас вазьмі паперкі, даведкі, прыедзь у камісію і стой у чарзе. У большасці ВНУ ты падаешся толькі на адну спецыяльнасць, апроч БДУІРа".

"Адзін мой вучань у апошні дзень перакідваў дакументы, бо яму трэба было на бюджэт. Гэта ў Эканамічным універсітэце. Чэргі былі па 5-6 гадзінаў. Сорамна ўжо нават казаць пра гэта".

"У мяне заўжды была пазіцыя, што сістэма адукацыі мусіць быць па-за палітыкай. Але ж не настолькі па-за палітыкай. Калі глядзець на Еўропу ці ЗША, то там адукацыя ўваходзіць у тройку самых важных тэм, якія абмяркоўваюць. У нас гэта нецікава нікому".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі