42 тысячы беларусаў атрымалі карту паляка
Прыкладна 2,5 тысячы чалавек з Беларусі штогод пераязжаюць у Польшчу на сталае месца жыхарства.
У канцы мінулага года польскі МЗС адрапартаваў пра выдачу 100 тысяч картаў паляка. Як даведалася Еўрарадыё, больш за 40% з іх атрымалі беларусы.
“З моманту набывання моцы закона аб карце паляка (31 сакавіка 2008 года. — заўв. Еўрарадыё) у Беларусі выдалі каля 42 тысяч картаў паляка. Для параўнання: ва Украіне выдалі каля 46 тысяч карт, а ў Расіі — каля 2700”, — паведамляе ў лісце міністэрства.
Уладальнік такой карты мае права легальна працаваць у Польшчы, да якой цікавасць сярод беларусаў расце. Кандыдат эканамічных навук Ірына Вашко ў сваёй публікацыі пра перспектывы міграцыі ў Польшчу прыходзіць да высновы, што ў бліжэйшыя 10 гадоў у суседнюю краіну з Беларусі можа пераехаць 25 тысяч чалавек.
Ірына Вашко: “Можна прагназаваць, што пры цяперашняй сітуацыі міграцыйныя плыні будуць нарастаць. 2,5 тысячы чалавек у год атрымоўваюць від на жыхарства альбо грамадзянства. Без уліку тых, хто выкарыстоўвае вучэбную міграцыю альбо выязджае на працу на кароткія тэрміны”.
Паводле словаў Ірыны Вашко, у 2012 годзе 2,5 тысячы беларусаў пераехалі ў Польшчу на стала: тыя, хто атрымаў сталую працу альбо грамадзянства. І карта паляка, на думку эксперта, актывізуе міграцыйныя працэсы. Калі ж казаць пра астатніх, то Польшчу як магчымую краіну для эміграцыі разглядае каля 20% беларусаў.
Але ўлады больш мусіць турбаваць ад’езд грамадзянаў у Расію, а не атрыманне картаў паляка, лічыць палітолаг Павел Усаў.
Павел Усаў: “Гэта цяжка прыпыніць. Беларусы з лёгкасцю выязджаюць у Расію, бо там няма ні мяжы, ні патрэбы атрымоўваць карту паляка ці карту расіяніна, ні патрэбы атрымоўваць нейкую рэгістрацыю. І з большага для беларусаў, для грамадства пагроза не ў тым, што атрымоўваюць карту паляка, а ў тым, што ў масавым парадку выязджаюць у Расію”.
Павел Усаў мяркуе, што карта паляка дае беларусам магчымасць атрымаць доступ да еўрапейскага дабрабыту і толькі. А культуролаг Юлія Чарняўская супакойвае: на самаідэнтыфікацыю беларусаў гэта з’ява ніяк не паўплывае.
Юлія Чарняўская: “У прынцыпе ўвесь свет у многіх аспектах, за выключэннем згубленых выспавых дзяржаваў, мае на межах гістарычна двайную альбо і трайную ідэнтыфікацыю. Людзі, якія абіраюць двайную ідэнтыфікацыю, — гэта толькі адлюстраванне зусім натуральных, на мой погляд, працэсаў”.
Нагадаем, на пачатку 2012 года ў беларускае заканадаўства былі ўнесены папраўкі, згодна з якімі чыноўнікам забараняецца мець карту паляка, а таксама аналагічныя дакументы ад іншых краін.
Тым часам, паводле дадзеных польскай статыстыкі, у Беларусі пражывае 900 тысяч асобаў польскага паходжання, якія прэтэндаваць на карту паляка.
Згодна з перапісам насельніцтва 2009 года кожны трэці жыхар Лідскага раёна, а таксама кожны пяты гродзенец назвалі сябе палякамі.
Фота: kulturaenter.pl