Ахоўнік крамы ў Беластоку: Штодзень затрымліваем злодзея з Беларусі
Але крадуць беларусы ў Польшчы па дробязях: у асноўным цягнуць дробныя рэчы да 30 долараў.
У інтэрв’ю БелТА генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня заявіў, што ў горадзе ўзрастае колькасць беларусаў, якія трапляюцца на крадзяжах.
Напрыклад, у беластоцкім Media Markt беларусы набываюць падарункавыя карты, якія дазваляюць зрабіць запрашэнні для шэнгенскай візы “на закупкі”, а разам з імі — набыць тавараў на пэўную суму.
Відавочна, што сюды прыязджае шмат грамадзянаў нашай краіны. Можа сярод іх ёсць і нядобрасумленныя?
“Раю звярнуцца ў паліцыю, калі яны дадуць такую статыстыку. Мы не даём такой інфармацыі, бо гэта службовая таямніца”, — суха адказвае на пытанне Еўрарадыё ахоўнік Media Markt.
У прэс-службе ўпраўлення паліцыі Падляскага ваяводства пра крадзяжы, здзейсненыя беларусамі, таксама нічога не гавораць.
Прэс-служба ўпраўлення паліцыі Падляскага ваяводства: “Такой статыстыкі няма. Калі справа тычыцца замежніка, то падраздзяленне, якое вядзе справу, перадае інфармацыю ў консульства. А ў статыстыцы ў нас няма размежавання па нацыянальнай прыкмеце, ёсць толькі здзейснены ўчынак”.
Працягваем абзвоньваць крамы. У галерэі Podlaska злодзеяў з Беларусі не заўважалі.
Галерэя Podlaska: “Мы не мелі такіх паведамленняў, я не чула пра такія інцыдэнты”.
Як, дарэчы, і ў галерэі “Zielone wzgórze”:
“За апошні год у нас не было зафіксавана ніводнага крадзяжу, звязанага з замежнікамі”.
А вось Auchan пацвердзілі павелічэнне колькасці злодзеяў з Беларусі. Якія, дарэчы, ужо даўно з’яўляюцца “кліентамі” аховы крамы.
Ахоўнік Auchan: “Сёння, гадзіну таму таксама злавілі грамадзяніна вашай краіны. Нёс дробную рэч — нейкія рамяні бяспекі. Як мінімум трапляецца адзін грамадзянін Беларусі штодзень. Колькі існуе крама, увесь час, у сярэднім такая лічба”.
Паводле слоў ахоўніка, у асноўным, беларусы стараюцца выносіць нешта дробнае, коштам да 100 злотых (каля 31 долара).
У гандлёвых цэнтрах Бяла-Падляскі, куды таксама едзе шмат беларусаў на шопінг, за крадзяжамі нашы суайчыннікі заўважаныя не былі. У гандлёвым цэнтры Sas больш скардзяцца на чэчэнцаў і грузінаў. А ў Rywal выказваюць задавальненне вялікай колькасцю гасцей з Беларусі. І дадаюць, што ніводнага непрыемнага інцыдэнту з удзелам беларусаў за апошнія месяцы не было.
Фота: ngopole.pl