Акцёрам беларускага “Шоўку” забаранілі глядзець аднайменны фільм

“Шоўк” у Тэатры Лялек  – гэта беларускі варыянт пастаноўкі аднайменнага рамана сучаснага італьянскага пісьменніка Алясандра Барыка.

“У гэтай гісторыі такая повязь рамантыкі, трылера, псіхааналізу, біялогіі, фізіялогіі, гісторыі усяго вельмі шмат”, — распавядае рэжысёр спектаклю Аляксей Ляляўскі.

Дзеянне разварочваецца напрыканцы XIX стагоддзя, французскія дзяльцы “купляюць і прадаюць”. Іх справа — шоўк. За лічынкамі шаўкарпада іх заносіць “прама, і да канца свету” —  у Японію, дзе галоўнага героя, акрамя бізнэсу, чакае таямнічае, схаванае ў чырвоны шоўк, сімвалічнае каханне.

Што ж прывабіла рэжысёра звярнуцца да тэмы, далёкай ад тых, што захапляюць наш сучасны розум?

“Раман “Шоўк” і сучасны, і не сучасны адначасова, — тлумачыць рэжысёр свой выбар. — І вось гэтая яго “пазачасавасць” і прываблівае тэатры па ўсім свеце рабіць пастаноўкі на яго”.

Прэм’ера, якая прайшла 28 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, была пазначаная як “першая пастаноўка ў краінах Садружнасці”. Рэжысёр запэўнівае, што беларускі спектакль атрымаўся цалкам адрозным ад усяго таго, што існуе зараз на тэатральных пляцоўках свету ці ў кіно:

“Калі б я проста паўтараў тыя прыёмы, што бачыў у іншых “Шоўках” гэта было б нудна і мне, і гледачу. Напрыклад, наша адмысловая знаходка онлайн-графіка. Я не бачыў яе ў такой колькасці ні ў адным спектаклі. А калі б бачыў, то, напэўна, адмовіўся б ад яе”, — кажа рэжысёр.

Адной з асаблівасцяў спектаклю можна лічыць і музыку, якую адмыслова стваралі акардэаніст Ягор Забелаў з “Гурзуфа” разам з электроншчыкам Віталём Гармашам (I/Dex). Задача, якую паставіў перад музыкамі рэжысёр: “гэта не павінна быць Японіяй”.

“Трэба было пазбегнуць яўных аналогій, дзеліцца Ягор гісторыяй стварэння музыкі. Гэта дапамагло знайсці нешта іншае, не з паверхні. Бо калі я прачытаў раман першае, што мне прадстаўлялася акурат нешта японскае: духавыя, флейты...”


У выніку музыка была створаная з аднаго рытмічнага малюнку і некалькіх акардэонных нот, якія і стварылі пэўны містычна-рамантычны эмбіэнт ў тэатры.

 

“Вельмі прыемная была атмасфера, — дзеліцца ўражаннямі Святлана Бень, вакалістка “Серебряной свадьбы”. — І сваёй атмасфернасцю мне гэты спектакль спадабаўся. Такі цякучы, загадкавы, ўсходні...”.

Другім разам паглядзець “Шоўк” мінчукам давядзецца толькі ў новым сезоне — у верасні. А пасля спектакль мае намер рушыць у Еўропу, дзе, магчыма, яго наведае і аўтар раману.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі