Алімпійскі чэмпіён Грышын: “План па медалях найперш цісне на чыноўнікаў"

Гэта — звышзадача, гэта цуд, калі такое здарыцца”, — гаворыць пра медальныя планы чыноўнікаў Уладзімір Беражкоў, галоўны рэдактар газеты “Прессбол”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка дае свой наказ нашай алімпійскай дэлегацыі: 25 медалёў, з якіх пяць павінны быць залатымі.

Галоўны рэдактар спартовага парталу goals.by Алег Гаруновіч тлумачыць, чаму выканаць гэтую задачу будзе надзвычай складана.

Алег Гаруновіч: “25 медалёў Беларусь не заваёўвала і ў свае найлепшыя алімпійскія кампаніі. Мне здаецца, што лонданская Алімпіяда не будзе для нас найлепшай, мы падыходзім да яе не ў аптымальным стане. Многія спартсмены, якія маглі рэальна заваяваць медаль, не едуць. Той жа Краўчанка (дзесяціборац, срэбны прызёр Алімпіяды ў Пекіне. — Еўрарадыё), чацвёрка па веславанні не адабралася. Гэта тое, на што мы разлічвалі. І ўвогуле нашы каронныя віды спорту — гэта цяжкая атлетыка, веславанне — не так уражваюць, як чатыры гады таму. У алімпійскіх чэмпіёнаў братоў Багдановічаў — спад. Андрэй Арамнаў (рэкардсмен свету па цяжкай атлетыцы. — Еўрарадыё) — не ў аптымальнай фізічнай форме”.

Гэты касцюм раней належаў экіпажу вяслярак Наталлі Гелах і Юліі Бычак. Яны сталі прызёркамі пекінскай Алімпіяды. А падрыхтаваць іх належным чынам да лонданскіх Гульняў, як і многіх іншых топавых спартсменаў, не змаглі. 

Алег Гаруновіч аналізуе, што новых зорак амаль не з’яўляецца, а ўзрост топавых атлетаў не стаіць на месцы.

Алег Гаруновіч: “Нашы лідары не маладзеюць. Гэта Кацярына Карстэн (веславанне. — Еўрарадыё). Калі раней яна была фаварытам, то зараз вядзецца гаворка пра тое, каб яна проста трапіла ў медалі. Можа быць, Мірны і Азаранка (тэніс. — Еўрарадыё) — гэта нейкі рэзерв. Але 25 медалёў — гэта нерэальна. Пяць залатых — яшчэ менш рэальна. Стаўка робіцца ў асноўным на правераных штыкоў. Але апошнім часам мне складана сказаць, у якіх відах спорту з’явіліся новыя рэальныя зорачкі. Напэўна, варта пакалупацца ў сістэме развіцця спорту”.

Кацярына Карстэн, размяняўшы чацвёрты дзясятак, усё адно з'яўляецца адной з наймацнейшых беларускіх спартсменак

Алімпійскі чэмпіён Ванкувера па фрыстайле Аляксей Грышын, які зведаў, што такое браць узнагароды, лічыць пастаноўку амбітнай медальнай задачы нармальнай.

Аляксей Грышын: “Няма нічога нерэальнага. Мэты заўсёды трэба ставіць па максімуме. У першую чаргу гэта цісне на чыноўнікаў, а не на спартсменаў”.

Алімпійскі чэмпіён Манрэаля-1972 велагоншчык Уладзімір Камінскі не лічыць, што планы па ўзнагародах маральна ціснуць на нашых спартсменаў. Асабліва калі параўнаць гэтыя задачы з тымі, якія спускалі зверху за савецкім часам.

Уладзімір Камінскі: “Мы ў СССР ведалі: калі другое месца зоймем — са зборнай вылецім. Спартовая кар’ера на гэтым скончыцца. Таму сённяшнія планы, я лічу, адмоўна не ўплываюць”.

Разам з гэтым Уладзімір Камінскі зазначае: дакучлівасць асобных кантралёраў падчас Алімпіяды можа дрэнна адбіцца на выніку.

Уладзімір Камінскі: “Прысутнасць службовых асоб у камандзе — яно непажадана. Парушаецца звыклая абстаноўка, калі чатыры гады не наведваў, а на Алімпійскіх гульнях з’яўляецца да спартсменаў на сняданак, абед і вячэру: “Ну, як ты? Ну, імкніся! Ты ж глядзі: увесь народ за цябе!”

Уладзімір Камінскі ўсё ж верыць у магчымасць пяці залатых медалёў нашай каманды. Спецыяліст пералічвае, хто б мог на іх замахнуцца.

Уладзімір Камінскі: Новікава ў штанзе — гэта рэальна, Ціхан у кіданні молата — таксама рэальна, Карстэн у веславанні — таксама, а яшчэ Азаранка з Мірным у міксце. Байдарачнікі і канаісты таксама могуць узяць золата”

Міністр спорту Беларусі Алег Качан зрабіў свой медальны прагноз. Сярод яго надзей — Кацярына Карстэн і тэнісная пара Мірны-Азаранка.

Пару Мірны-Азаранка вызначаюць сёння амаль ўсе нашы  спартовыя эксперты

Таксама міністр ставіць на весляроў Аляксандра і Андрэя Багдановічаў, стралка Сяргея Мартынава, легкаатлетаў, якія кідаюць молат, штурхаюць ядро, удзельніц групавых практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.

Пры гэтым кожная з Алімпіяд мінулых гадоў прыносіла беларусам сюрпрызы. Золата як правіла бралі не самыя раскручаныя атлеты.

Лонданскія Гульні распачнуцца 27 ліпеня і скончацца 12 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі