Аліна Скрыбунова: Мяне змясцілі ў камеру, дзе ўсе сцены былі ў крыві
Па дарозе да Магілёўскага абласнога суда зламаўся аўтазак з затрыманымі. Сярод іх знаходзілася і Аліна Скрыбунова, якая расказвае пра свае страшныя прыгоды.
Еўрарадыё: Аліна, за што вас затрымалі?
Скрыбунова: “Мяне затрымалі толькі за тое, што я фатаграфавала людзей, якія ішлі па вуліцы. Мне інкрымінавалі, што я аказвала супраціў аднаму з супрацоўнікаў міліцыі і папсавала яму форму. Разам са мной знаходзілася больш за сто чалавек, многія з якіх былі журналістамі. Сярод іх былі і проста людзі, якія здымалі тое, што адбывалася на камеру. Потым палову людзей адпусцілі, а мяне не. Нягледзячы на тое, што нас затрымлівалі па адным абвінавачанні. Усё гэта выглядае вельмі дзіўна.”
Еўрарадыё: Вы казалі, што шмат з затрыманых былі журналісты?
Скрыбунова: “Адзін затрыманы быў з “Белапана”, знаходзілася там і журналістка з нашага гарадскога партала, былі праваабаронцы, працаўнікі незалежнага сайта Магілёва. Было яшчэ некалькі чалавек з фотаапаратамі, якія здымалі альбо для сябе, альбо для нейкіх інфармацыйных крыніцаў”.
Еўрарадыё: Што ж здарылася па дарозе?
Скрыбунова: “Нас павінны былі прывезці ў суд а 12-й гадзіне, а прывезлі толькі а 2-й. Па дарозе нам патлумачылі, што зламаўся аўтамабіль і нам трэба перасесці ў іншы.”
Еўрарадыё: Дзе вы правялі ноч?
Скрыбунова: “Доўгі час мы правялі ў Ленінскім РУВД. Я прайшла ўсе працэдуры, і мяне першай змясцілі ў маленькую камеру, у якой не было дзе сесці. Сценкі гэтай камеры былі ў крыві. Гэта было жахліва. Я адчула сапраўдную палёгку, калі нас адтуль вывелі”.
Еўрарадыё: Вы здолелі распавесці вашым сваякам, дзе вы знаходзіцеся?
Скрыбунова: “Я змагла патэлефанаваць ім толькі з аўтамабіля, у якім нас везлі ў суд.”
Еўрарадыё: Якое пакаранне, на ваш погляд, вам вынесуць?
Скрыбунова: “Ужо шэсць чалавек асуджаныя. Аднаму хлопцу далі пяць сутак. На мяне ў судзе глядзелі як на страшэнную рэцыдывістку, бо раней, пасля 19 снежня, я ўжо праходзіла па тым самым артыкуле. Таму я чакаю, што атрымаю больш жорсткае пакаранне. Каля суда мы сустрэліся з сябрамі, з журналістамі, праваабаронцамі. Яны дапамагаюць маральна”.
Фота: 222.by