Аляксандра Герасіменя: Не бяру ад незнаёмых цукерачкі і не п’ю чужую ваду

“Ніколі не п’ю з адкаркаванай бутэлькі вады, калі будзе стаяць, ніколі не бяру ад незнаёмых цукерачкі ці нешта такое. Ведаеце, як кажуць, апаліўся на малацэ — на ваду дзьмеш, — дзеліцца Аляксандра Герасіменя з Еўрарадыё. — Але на 100% ты ўсё адно не можаш быць упэўнены, што абаронены”.

Двухразовая срэбная медалістка Гульняў у Лондане магла і не атрымаць свае тытулы. У 2003 годзе Герасіменя трапіла ў ашаламляльную гісторыю. Допінг-проба, узятая на трэніровачных зборах (праходзілі на Кіпры), паказала станоўчы вынік. Як і ў сітуацыі з Надзеяй Астапчук, прымаць прэпарат не было практычнага сэнсу.

“Рэч у тым, што і цяпер гэта для нас застаецца таямніцай. Бралі допінг-пробу да збораў і пасля, — узгадвае Алена Клімава, трэнер Герасімені. — Было бязглузда хоць нешта выкарыстоўваць, але пры паўторнай пробе ў нас знайшлі… Дагэтуль гэта сітуацыя — таямніца. Мы можам думаць усё што заўгодна”.

Пасля такога ўрока спартсменка і яе трэнер прытрымліваюцца максімальных мераў бяспекі: ваду п’юць толькі сваю, энергетычныя кактэйлі гатуюць толькі з уласных інгрэдыентаў. Такой жа дысцыпліны прытрымліваюцца і іншыя беларускія плыўцы.

“Яны ўзялі ў сталоўцы бутэльку вады. Яны з яе і мяшаюць кактэйль. Чыюсьці ваду яны насамрэч не бяруць, — тлумачыць Алена Клімава. — Асабіста я забараняю, каб Саша давала свой кактэйль камусьці папіць. Ці сама прасіла. Кожны павінен спажываць сваё”.

Па просьбе Еўрарадыё Алена Клімава расказала пра сталоўку ў лонданскай алімпійскай вёсцы. Ці магчыма было там падсыпаць допінг у ежу?

Алена Клімава: “Рэч у тым, што ты падыходзіш з падносікам, бярэш талерачку, якіх там шмат. Валанцёры на кухні накладваюць табе ўсё, што ты пакажаш. На гэтым этапе падсыпаць нешта немагчыма.

Потым ідзеш за любы столік, сядаеш і ясі. Калі ты пакідаеш без нагляду свой паднос і ідзеш далей нешта браць, то можа быць усё што заўгодна”.

Паводле слоў трэнера, практыка прымання гарманальных прэпаратаў, да якіх могуць прычапіцца антыдопінгавыя агенцтвы, мае месца ў вялікім спорце. І, каб не атрымаць праблемы, спартоўцу трэба мець пры сабе даведку, што яго лячылі гармонамі. 

Алена Клімава: “Ёсць такія праблемы, што патрэбна тэрмінова ўзнавіць спартсмена перад спаборніцтвамі. І ім колюць нешта гарманальнае. Такім чынам хутка здымаецца боль, запаленчыя працэсы. Гэта калі трэба тэрмінова паставіць чалавека на ногі. У такім разе ўрач піша даведку, што на падставе такога-то і такога захворвання быў уведзены такі-то прэпарат. І па ідэі пра гэта трэба адразу ж паведамляць у антыдопінгавае агенцтва. У крайнім выпадку гэта даведка павінна быць з намі ўвесь час. Гэта не тычыцца анабалічных стэроідаў”.

Не зважаючы на пэўную легалізацыю прыёму некаторых праблемных прэпаратаў, Алена Клімава пасля гісторыі з кіпрскімі зборамі такіх сродкаў пазбягае.

Алена Клімава: “Аднойчы спартовыя ўрачы прапаноўвалі мне такім вось чынам тэрмінова ўзнавіць спартсменку. І я адмовілася. Сказалі: “Не перажывайце, мы зробім даведку”. Я адказала: “Не трэба, лепш будзем даўжэй лячыцца”.

Нягледзячы на меры бяспекі, і Аляксандра Герасіменя, і яе трэнер сходзяцца ў думцы, што цалкам абараніць сябе ад допінгавай падставы немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі