Амбасадары ЕС вяртаюцца ў Мінск, беларускія паслы — у Варшаву і Брусель

120425 Luka6uk Dyplamaty.mp3

25 красавіка ў Мінск вярнуўся амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Ён стаў першым з паслоў ЕС, хто прыехаў у Беларусь пасля пачатку “дыпламатычнай вайны”. І адразу па вяртанні кіраўнік дыппрадстаўніцтва Швецыі выйшаў на працу. Памочнік Эрыксана патлумачыў, чаму першымі, як абвяшчалася раней, у Мінск не прыехалі паслы Польшчы і ЕС — Лешак Шарэпка і Майра Мора, адпаведна.
 
Амбасада Швецыі: “Рашэнне аб вяртанні паслоў —  гэта агульнаеўрапейскае рашэнне, прынятае ўсімі дзяржавамі Еўрасаюза. І рашэнне было прынята наконт усіх паслоў адразу. А далей пачаліся практычныя пытанні (наконт дня вяртання. — Еўрарадыё.) — хто бліжэй жыве, у кагосьці — самалёт, у кагосьці — машына, у кагосьці — паром. Разумееце, гэта ўжо практычныя пытанні”.

Нагадаем, 28 лютага ўлады Беларусі адклікалі для кансультацый амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка ў Бруселі, адначасова было прапанавана польскаму амбасадару і кіраўніцы прадстаўніцтва ЕС "вярнуцца ў свае сталіцы", таксама для кансультацый. У адказ краіны ЕС адначасова адклікалі з Беларусі ўсіх сваіх паслоў. Пасля нядаўняга вызвалення палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі эксперты пачалі прагназаваць хуткае вяртанне амбасадараў краін ЕС у Мінск.

Услед за шведскім амбасадарам 25 красавіка вярнуўся на сваё працоўнае месца ў Мінск амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, пасол Польшчы Лешак Шарэпка і кіраўнік італьянскай дыпмісіі. А ў пятніцу чакаецца прыезд амбасадара Эстоніі Яаака Лэнсмэнта і чэшскага дыпламата Йіржы Караса.

“Я яшчэ не атрымаў апошні загад. Я чуў, што гэта будзе пятніца. Але я не магу на 100 адсоткаў гэтага сцвярджаць”, — распавёў чэшскі дыпламат.

У прадстаўніцтве ЕС у Беларусі 25 красавіка паведамілі, што дакладнай даты вяртання спадарыні Майры Моры не ведаюць.

Прадстаўніцтва ЕС: “Пакуль нічога па даце не вядома. Я думаю, што загадзя і не плануецца нічога абвяшчаць. Толькі па прыездзе мы здолеем пацвердзіць, што яна прыехала, але загадзя я не думаю, што будзе нейкая абвестка”.

У знешнепалітычным ведамстве Славакіі не здолелі паведаміць дакладную дату вяртання ў Мінск амбасадара Марыяна Сэрваткі. Але зазначылі, што адбудзецца гэта бліжэйшымі днямі.

У сераду на месца сваёй працы прыбылі паслы Беларусі ў Бельгіі і Польшчы.

“Наш пасол у Бельгіі і наш пасол у Польшчы сёння прыбылі да месца службы”, — распавялі ў прэс-службе беларускага МЗС.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі