Анатоль Капскі пра сітуацыю з Брэсанам: “Мы прыбралі свае амбіцыі”

Рэнан Брэсан зусім нядаўна атрымаў беларускі пашпарт. Аднак першы ж турнір у складзе зборнай запомніцца яму надоўга. Алімпіяда, куды нечакана выклікалі Брэсана, супадае па часе з першымі кваліфікацыйнымі гульнямі БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў.

“Калі мы хочам нечага са зборнай дабівацца – з алімпійскай нацыянальнай — мы павінны ўсе разам аб’ядноўвацца. З клубамі, у тым ліку. Мне патрэбны гулец, я яго выклікаў. Ён клубу таксама патрэбны. Дашліце мне паперу, і ніякіх крыўдаў з майго боку не будзе”, — заяўляе на прэс-канферэнцыі трэнер зборнай Георгій Кандрацьеў.

120709 Pilecki Bressan.mp3

Кіраўніцтва БАТЭ, аднак, вырашае адпусціць такога патрэбнага клубу гульца. Кіраўнік праўлення клуба Анатоль Капскі кажа, што Брэсан на Алімпіяду паедзе, а ажыятаж, выкліканы гэтым, для самога БАТЭ стаў нечаканасцю.

“Сёння Брэсан едзе на Алімпіяду. Ён прыняў гэтае рашэнне. Мы не думалі, што будзе такі ажыятаж навокал – сярод заўзятараў, сярод іншых кандыдатаў у зборную. І калі ўбачылі, як развіваюцца падзеі, ведаючы, як рэагуе Рэнан на гэта ўсё, ведаючы, што ён моцна перажывае па гэтай прычыне — мы прыбралі свае амбіцыі, паразмаўлялі з ім, паспрабавалі яго падтрымаць”.

Бразільца насамрэч ніхто не выстаўляў на трансфер, хоць інтэрнэт ужо напоўніўся адпаведнымі чуткамі. Афіцыйны сайт барысаўскага клуба 9 ліпеня змясціў паведамленне, у якім зычыць поспехаў на Алімпіядзе і свайму футбалісту, і ўсёй зборнай у цэлым. Асаблівы непакой у БАТЭ выклікалі заявы ў адрас Брэсана, што мяжуюць на мяжы расізму.

З іншага боку, Анатоль Капскі не хавае, што паездка Брэсана на Алімпіяду дадасць праблем БАТЭ падчас кваліфікацыйных матчаў Лігі чэмпіёнаў.

“Мы не праціўнікі паездкі гульцоў на Алімпіяду. Мы проста сваю трансферную палітыку будавалі ўлічваючы, што мы маем Брэсана, і што мы на яго разлічваем падчас удзелу ў кваліфікацыйных раундах Лігі чэмпіёнаў”.

Сам Брэсан тым часам ў інтэрв’ю сайту goals.by заявіў, што едзе на Алімпіяду не за грашыма, а каб годна прадставіць Беларусь. Маўляў, не дарэмна ён атрымоўваў грамадзянства ў нашай краіне.

Дарэчы, БАТЭ магло б і не адпускаць Брэсана ў алімпійскую зборную. Яму ўжо больш за 23 гады, а значыць, клуб можа сам вырашаць, паедзе футбаліст на Алімпіяду, альбо не. Нічога не значыць для клуба і беларускае грамадзянства Рэнана — легіянерам ён не лічыцца проста маючы від на жыхарства ў Беларусі.

Ацаніць паспяховасць выступлення бразільца ў складзе алімпійскай зборнай Беларусі зможам ужо 26 ліпеня. У гэты дзень каманда нашай краіны сустракаецца са зборнай Новай Зеландыі.

“Сёння Брэсан едзе на Алімпіяду. Ён прыняў гэтае рашэнне. Мы не думалі, што будзе такі ажыятаж навокал — сярод заўзятараў, сярод іншых кандыдатаў у зборную. І калі ўбачылі, як развіваюцца падзеі, ведаючы, як рэагуе Рэнан на гэта ўсё, ведаючы, што ён моцна перажывае па гэтай прычыне — мы прыбралі свае амбіцыі, паразмаўлялі з ім, паспрабавалі яго падтрымаць”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі